Psaumes 40
J'ai mis en le Seigneur mon espérance
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 2Спадзеючыся, спадзяваўся я на ГОСПАДА, і Ён схіліўся да мяне, і пачуў лямант мой. 3І вывеў мяне з ямы бурлівае, з твані балотнае, і паставіў на скале ногі мае, і ўзмоцніў крокі мае.
4І даў у вусны мае новы сьпеў, хвалу Богу нашаму. Шматлікія ўбачаць [гэта], і будуць баяцца, і будуць спадзявацца на ГОСПАДА. 5Шчасьлівы чалавек, які пэўнасьць сваю мае ў ГОСПАДЗЕ, і не зьвяртаецца да ганарыстых і тых, якія прыхіляюцца да няпраўды. 6Шмат учыніў Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, цудаў Тваіх, а намеры Твае дзеля нас ні з чым не параўнаеш перад Табою. Калі б я іх апавядаў і пра іх гаварыў, іх шматкроць больш, чым [можна] палічыць.
7Ахвяры і дары не даспадобы Табе; вушы Ты мне расчыніў. Цэласпаленьняў і ахвяры за грэх Ты не вымагаеш. 8Тады я сказаў: «Вось, я іду! У скрутку кнігі напісана пра мяне». 9Рабіць тое, што падабаецца Табе, Божа мой, я жадаю, і Закон Твой — у нутры маім.
10Я дабравесьціў пра праведнасьць у царкве вялікай; вось жа, вуснаў сваіх я ня стрымліваў, Ты ведаеш [гэта], ГОСПАДЗЕ. 11Праведнасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, пра вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё я казаў, міласэрнасьці Тваёй і праўды Тваёй перад царквой вялікай ня ўтоіваў. 12ГОСПАДЗЕ, ня стрымлівай літасьці Тваёй адносна мяне; міласэрнасьць Твая і праўда Твая няхай заўсёды захоўваюць мяне, 13бо агарнулі мяне ліхоцьці бяз ліку, дагналі мяне правіны мае, ажно не магу я іх палічыць, іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне.
14Мей ласку, ГОСПАДЗЕ, вызваліць мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне! 15Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што шукаюць душы маёй, каб зьнішчыць яе; няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы ліхоцьце маё. 16Няхай аслупянеюць у сораме сваім тыя, якія кажуць мне: «Ага, ага!»
17Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАДЗЕ!» 18Хоць я бедны і прыгнечаны, Госпад мой клапоціцца пра мяне. Ты — успамога мая і ратунак мой! Не затрымлівайся, Божа мой!