Proverbes 21

Le coeur du roi est dans sa main

Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў; Ён скіроўвае яго, куды хоча. 2Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы. 3Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.

4Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — ніва бязбожнікаў, [і гэта] грэх. 5Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожны нецярплівы [будзе мець] нястачу. 6Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, і шуканьне сьмерці.

7Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы]. 8Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя. 9Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

10Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго. 11Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне. 12Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.

13Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу. 14Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне [спыняе] вялікую ярасьць. 15Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.

16Чалавек, які зьбіваецца са шляху розуму, супачыне ў грамадзе памёршых. 17Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым. 18Выкупам за праведніка [будзе] бязбожнік, а [выкупам] за правага — ліхадзей.

19Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай. 20Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх. 21Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.

22Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць. 23Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў. 24Свавольны і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.

25Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць. 26Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе. 27Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш [брыдотныя] тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.

28Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды. 29Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой. 30Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ.

31Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.

Copié !
Aa