Néhémie 9

Le peuple confesse son histoire

А ў дваццаць чацьвёрты дзень гэтага месяца сабраліся сыны Ізраіля ў посьце, і зрэбніцы, і попел на іх. 2І аддзялілася насеньне Ізраіля ад усіх чужынцаў, і сталі, і вызнавалі грахі свае і беззаконьні бацькоў сваіх. 3І сталі на месцы сваім, і чыталі з кнігі Закону ГОСПАДА, Бога свайго, чвэрць дня, і чвэрць [дня] вызнавалі [грахі] і пакланяліся ГОСПАДУ, Богу свайму.

4І сталі на ўзвышэньні лявіты Ешуа, Бані, Кадміэль, Шэванія, Буні, Шэрэвія, Бані, Хенані, і гукалі голасам вялікім да ГОСПАДА, Бога свайго. 5І сказалі лявіты Ешуа, Кадміэль, Бані, Хашаўнэя, Шэрэвія, Годыя, Шэванія, Пэтахія: «Устаньце, дабраславіце ГОСПАДА, Бога свайго, ад веку аж на вякі. Няхай дабраслаўляюць імя славы Тваёй, і няхай яно будзе ўзьвялічана па-над усе дабраславенствы і хвалу! 6Ты, ГОСПАДЗЕ, толькі Ты, Ты Сам учыніў нябёсы, нябёсы нябёсаў і ўсё войска іхняе, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх; і Ты даеш жыцьцё ўсім ім; і войска нябеснае Табе пакланяецца.

7Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, Які выбраў Абрама, і вывеў яго з Уру Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам, 8і знайшоў сэрца ягонае верным перад абліччам Тваім, і заключыў з ім запавет, каб даць насеньню ягонаму зямлю Хананейца, Хета, Амарэйца, Пэрэзэя, Евусэя і Гіргашэя; і Ты споўніў слова Тваё, бо Ты — праведны. 9І Ты ўбачыў нядолю бацькоў нашых у Эгіпце, і крык іхні пачуў каля Мора Чырвонага.

10І Ты зьявіў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх слугах ягоных, і на ўсім народзе зямлі ягонай, бо Ты даведаўся, што яны дзейнічалі падступна суп­раць іх, і зрабіў Ты Сабе імя аж да дня сёньняшняга. 11І Ты разьдзяліў мора перад імі, і яны прайшлі сярод мора па сухмені, а тых, якія гналіся за імі, Ты ўкінуў у глыбіні, як камень у воды бурлівыя. 12У слупе воблачным Ты вёў іх удзень, і ў слупе вогненным — уначы, каб асьвятляць ім шлях, па якім яны ішлі.

13І Ты зыйшоў на гару Сынай, і гаварыў з імі з неба, і даў ім суды справядлівыя, і законы праўдзівыя, і пастановы, і прыказаньні добрыя; 14І пра суботу сьвятую Тваю Ты паведаміў ім, і загадаў ім прыказаньні, пастановы і Закон праз рукі Майсея, слугі Твайго. 15І хлеб з неба Ты даваў ім у голадзе іхнім, і ваду са скалы Ты вывеў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі ўзяць у спадчыну зямлю, пра якую Ты ўзьняў руку Тваю, што дасі [яе] ім.

16Але яны і бацькі нашыя дзейнічалі падступна, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ня слухалі прыказаньняў Тваіх. 17І яны адмовіліся слу­хаць [Цябе], і ня памяталі цудаў Тваіх, якія Ты ўчыніў з імі, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ў непаслухмянасьці сваёй паставілі галаву [сабе], каб вярнуцца ў няволю сваю. Але Ты — Бог, Які прабачаеш, спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць, і Ты не пакінуў іх. 18Нават калі яны зрабілі сабе цяля літое і сказалі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Эгіпту”, і рабілі блюзьнерствы вялікія, 19Ты, у вялікай літасьці Тваёй, не пакінуў іх у пустыні. Слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны — уначы, каб асьвятляць ім шлях, па якім ісьці.

20І Духа Твайго добрага Ты даў ім, каб навучаць іх, і манну Тваю не забраў ад вуснаў іхніх, і ваду даў ім у смазе іхняй. 21І сорак гадоў Ты жывіў іх у пустыні; яны ня мелі нястачы; адзеньні іхнія не старэлі, і ногі іхнія ня пухлі. 22І Ты даў ім валадарствы і народы, і выдзяліў ім [кожны] кут, і яны ўспадкаемілі зямлю Сыгона, зямлю валадара Хешбону, і зямлю Ога, валадара Башану.

23І сыноў іхніх Ты памножыў, як зоркі нябесныя, і прывёў іх у тую зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны ўвойдуць і возьмуць у спадчыну яе. 24І ўвайшлі сыны іхнія, і ўспадкаемілі зямлю. І Ты скарыў перад імі жыхароў зямлі, Хананейцаў, і аддаў іх у рукі іхнія, і валадароў іхніх, і народы зямлі [гэтай], каб яны зрабілі з імі паводле ўпадабаньня свайго. 25І яны здабылі гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную, і ўспадкаемілі дамы, поўныя ўсялякага даброцьця, сажалкі выкапаныя, вінаграднікі, сады аліўныя і мноства дрэваў пладовых. І яны елі, і насыціліся, і патлусьцелі, і мелі асалоду дзеля вялікай добрасьці Тваёй.

26І яны сталі непаслухмяныя, і збунтаваліся супраць Цябе, і закінулі Закон Твой за плечы свае, і забівалі прарокаў Тваіх, якія папярэджвалі іх, каб навярнуць іх да Цябе, і рабілі блюзьнерствы вялікія. 27І Ты аддаў іх у рукі прыгнятальнікаў іхніх, і яны ўціскалі іх. І ў часе ўціску свайго яны клікалі да Цябе, і Ты чуў з неба і, паводле літасьці Тваёй вялікай, Ты даваў ім збаўцаў, і яны выратоўвалі іх ад рукі прыгнятальнікаў іхніх. 28Але, калі яны мелі супачынак, ізноў пачыналі рабіць ліхоту перад абліччам Тваім, і Ты пакідаў іх у руках ворагаў іхніх, і тыя мелі ўладу над імі. І яны навярталіся і клікалі да Цябе, і Ты чуў іх з неба, і вызваляў іх, паводле літасьці Тваёй, шмат разоў.

29І Ты папярэджваў іх, каб вярнуць іх да Закону Твайго, але яны дзейнічалі падступна і ня слухалі прыказаньняў Тваіх, і грашылі супраць судоў Тваіх, праз якія жыць будзе чалавек, калі будзе выконваць іх, і адвярнулі плечы свае, і зрабілі цьвёрдым карак свой, і ня слухалі [Цябе]. 30І Ты трываў цярпліва іх шмат гадоў, і папярэджваў іх Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухаліся. І Ты аддаў іх у рукі народаў зямлі. 31І ў літасьці Тваёй вялікай Ты не аддаў іх на зьнішчэньне, і не пакінуў іх, бо Ты — Бог літасьцівы і спагадлівы.

32І цяпер, Божа наш, Божа вялікі, магутны і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць, няхай ня будуць малымі перад абліччам Тваім усе цяжкасьці, якія спаткалі валадароў нашых, князёў нашых, сьвятароў нашых, прарокаў нашых, бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён валадароў Асірыі аж да дня гэтага. 33Але Ты — праведны ў-ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты паводле праўды зрабіў, а мы рабілі злачынна. 34І валадары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя не выконвалі Закон Твой і не прыхілілі вуха да прыказаньняў Тваіх і сьведчаньняў Тваіх, якімі Ты папярэджваў іх.

35І яны не служылі Табе ў валадарстве сваім і ў добрасьці Тваёй вялікай, якую Ты даваў ім, і ў зямлі прасторнай і ўрадлівай, якую Ты даў перад абліччам іхнім, і не адвярнуліся ад учынкаў сваіх ліхіх. 36Вось, мы сёньня [сталіся] нявольнікамі, і на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб елі яны плады яе і даброцьці яе, вось, мы [сталіся] нявольнікамі на ёй, 37а ўраджай шчодры [служыць] валадарам, якіх Ты паставіў над намі за грахі нашыя, і яны пануюць над целамі нашымі і над скацінай нашай; а мы ў вялікім уціску.

38І з прычыны ўсяго гэтага мы заключаем дамову і падпісваем [яе], і пячаткі прыкладаюць князі нашыя, лявіты нашыя і сьвятары нашыя».

Copié !
Aa