Lamentations 5

Fais-nous revenir à toi

Узгадай, ГОСПАДЗЕ, што сталася з намі; гледзячы, узглянь і пабач ганьбу нашую. 2Спадчына нашая перададзеная чужым, дамы нашыя — чужынцам. 3Мы сталіся сіротамі; няма бацькі, маці нашыя — як удовы.

4Ваду сваю мы п’ем за срэбра, дровы нашыя прадаюць нам на грошы. 5Перасьледвальнікі на шыі нашай, мы цяжка працуем, ня маем супачынку. 6Мы выцягнулі руку сваю да Эгіпту і да Асірыі, каб насыціцца хлебам.

7Бацькі нашыя грашылі; і іх няма, і беззаконьні іхнія мы носім. 8Слугі пануюць над намі, і няма [нікога], хто вызваліць нас з рукі іхняй. 9Прыносім хлеб свой, наражаючы душу сваю на меч у пустыні.

10Скура нашая распаленая, як печ, ад палючага голаду. 11Жанчын гвалцілі на Сыёне, дзяўчат — у гарадах Юды. 12Князі павешаныя рукамі іхнімі, абліччы старых ня маюць пашаны.

13Юнакі носяць камяні млыновыя, хлопцы спатыкаюцца, [носячы] дровы. 14Старыя больш не сядзяць у брамах, юнакі не сьпяваюць. 15Спынілася вясёласьць сэрца нашага, перамяніліся ў жалобу карагоды нашыя.

16Звалілася карона з галавы нашай; гора нам, бо мы саграшылі. 17Дзеля гэтага млявае сэрца нашае, дзеля гэтага зацемраныя вочы нашыя, 18бо спустошаная гара Сыён, лісы ходзяць па ёй.

19Ты, ГОСПАДЗЕ, трываеш на вякі, пасад Твой — з пакаленьня ў пакаленьне. 20Чаму Ты забыўся на нас назаўсёды, пакінуў нас на доўгія дні? 21Навярні нас да Сябе, ГОСПАДЗЕ, і мы навернемся; аднаві дні нашыя, як даўней [было].

22Няўжо Ты, адкідаючы, адкінуў нас? Няўжо Ты загневаўся на нас аж так моцна?

Copié !
Aa