Job 15

Éliphaz répond de nouveau

І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў: 2«Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя, і ці напоўніць жывот свой ветрам палючым? 3Ці будзе спрачацца словамі пустымі і словамі, якія нічым не дапамогуць?

4Ты адкідаеш страх Божы і аслабляеш малітву да Бога. 5Вусны твае гавораць паводле сапсутасьці тваёй, і ты карыстаешся мовай хітруноў. 6Асуджаюць цябе вусны твае, але ня я, і губы твае сьведчаць супраць цябе.

7Ці ты — першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі? 8Ці ты слухаў на нарадзе з Богам і ўзяў сабе мудрасьць? 9Ці ты нешта ведаеш, чаго мы ня ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем?

10Паміж нас ёсьць і старыя, і сівыя, старэйшыя, чым дні бацькі твайго. 11Ці табе мала пацяшэньня Божага і лагоднага слова, якое табе сказанае? 12Чаму так абураецца сэрца тваё, і чаму так ганарліва глядзяць вочы твае, 13што ты гневаешся на Бога і вырываюцца такія словы з вуснаў тваіх?

14Хто такі чалавек, каб быць яму беззаганным? І ці можа быць праведным народжаны жанчынаю? 15Ён сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах Ягоных. 16Тым больш брыдкі і сапсуты чалавек, які, як ваду, п’е ліхоту.

17Паслухай мяне, і я распавяду табе, і тое, што бачыў, раскажу табе, 18што мудрыя чулі і ня ўтойвалі гэтага бацькі іхнія. 19Ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не хадзіў чужынец.

20Бязбожнік мучыцца праз усё жыцьцё сваё, і няпэўны лік гадоў злачынцы. 21Ён заўсёды чуе крык жахлівы вушамі сваімі, і калі падаецца, што ўсё спакойна, на яго нападае нішчыцель. 22Ён ня верыць, што можа вырвацца з цемры, яму прызначана ад мяча загінуць.

23Ён бадзяецца, [шукаючы] хлеба, і дзе ён? І ён ведае, што падрыхтаваны для яго дзень цемры. 24Палохае яго бяда, і мучэньне на яго нападае, як валадар, падрыхтаваны да бою. 25Выцягвае ён руку сваю на Бога і хоча працівіцца Усемагутнаму, 26і бяжыць на Яго з выцягнутай шыяй пад заслонай тоўстага шчыта.

27Ён пакрыў твар свой тлушчам сваім, а з бакоў ягоных сала зьвісае. 28Ён жыве ў гарадах апусьцелых, і ў дамах неабжытых, даведзеных да заняпаду. 29Ён ня будзе багаты, і не захаваецца маёмасьць ягоная, і на зямлі ён не запусьціць каранёў.

30Ня выберацца ён з цемры, і сьпёка спаліць парасткі ягоныя, і вецер абаб’е першацьвет ягоны. 31Няхай ня верыць марнасьці ашуканы, бо марнасьць будзе ўзнагародай ягонай. 32Перш, чым спыняцца дні ягоныя, ён зьвяне, і галіны ягоныя не зазелянеюць.

33Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелыя гронкі, і, як аліўка, страсе кветкі свае. 34Грамада бязбожніка будзе бясплоднай, агонь спаліць намёты хабарнікаў. 35Бо ён зачаў ліхоту і нарадзіў марнасьць, і нутро ягонае падман рыхтуе».

Copié !
Aa