Jérémie 3
Reviens, Israël infidèle
І [было] сказана: «Калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыйдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці можа ён вярнуцца да яе? Ці ж, апаганіўшыся, не апаганена зямля тая? А ты чужаложыла з многімі каханкамі. І ты вернешся да Мяне? — кажа ГОСПАД. 2Падымі вочы твае на ўзгоркі і паглядзі, дзе [месца], на якім бы ты не лажылася для распусты? Пры шляхах сядзела ты, [чакаючы] на іх, як Араб у пустыні, і апаганіла зямлю распустаю тваёй і ліхотаю тваёй. 3І спыніліся залевы, і дажджу вясновага не было, але было ў цябе чало жанчыны чужаложнай і ты страціла сорам.
4Ці ж цяпер, клічучы, ты будзеш клікаць Мяне: “Ойча мой! Ты — сябра маладосьці маёй! 5Ці будзеш гневацца вечна або захоўваць крыўду?” Вось, ты, кажучы, казала, а [сама] рабіла ліхоту, калі была магчымасьць».
Juda n'a pas appris
6І сказаў мне ГОСПАД у дні валадара Ёсіі: «Ці ты бачыў, што зрабіла [дачка] Ізраіля, адступніца? Яна хадзіла на кожную гару высокую і пад кожнае дрэва зялёнае, і чыжаложыла там. 7І Я падумаў: “Калі яна ўсё гэта зробіць, тады вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І гледзячы, угледзела гэта здрадлівая сястра ейная Юда. 8І ўгледзела яна, што за ўсе ўчынкі, якімі чужаложыла [дачка] Ізраіля, адступніца, Я адпусьціў яе і даў ёй ліст разводны. І не ўстрывожылася здрадлівая Юда, сястра ейная, і пайшла, і таксама чужаложыла.
9І сталася, праз розгалас пра распусту сваю яна апаганіла зямлю гэтую і чужаложыла з камянём і дрэвам. 10І таксама пасьля ўсяго гэтага здрадлівая сястра ейная, Юда, не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам, але толькі фальшыва, кажа ГОСПАД».
Je vous donnerai des bergers selon mon coeur
11І ГОСПАД сказаў мне: «Больш праведная душа адступніцы, [дачкі] Ізраіля, чым у здрадлівай Юды. 12Ідзі, і абвяшчай словы гэтыя на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца, [дачка] Ізраіля, кажа ГОСПАД. Я не адвярну аблічча Маё ад вас, бо Я міласэрны, кажа ГОСПАД, ня буду гневацца на вякі. 13Толькі зьведай беззаконьне тваё, што ты бунтавалася супраць ГОСПАДА, Бога твайго, і што бадзялася па ўсіх шляхах з чужынцамі пад кожным дрэвам зялёным, а голасу Майго ня слухала, кажа ГОСПАД.
14Вярніцеся, сыны адступнікі, кажа ГОСПАД, бо Я — Гаспадар ваш; і Я вазьму вас, аднаго з кожнага гораду, і двух з кожнай сям’і, і завяду вас на Сыён. 15І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго і яны будуць пасьвіць вас разумна і разважна. 16І будзе, што вы памножыцеся і будзеце пладзіцца на зямлі ў тыя дні, кажа ГОСПАД. Ніхто ня будзе больш казаць: “Каўчэг запавету ГОСПАДА”, і ня прыйдзе ён на сэрца ягонае, і ня будуць памятаць пра яго, ані адчуваць яго нястачы, і больш ня будзе зроблены.
17У той час Ерусалім назавуць Пасадам ГОСПАДА. І зьбяруцца ў ім, у Ерусаліме, усе народы ў імя ГОСПАДА, і ня будуць ужо хадзіць паводле закамянеласьці сэрца ліхога свайго. 18У тыя дні пойдзе дом Юды ў дом Ізраіля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым. 19І Я сказаў: “Як Я залічу цябе як сына і дам табе найкаштоўнейшую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў!” Я сказаў: “Вы будзеце клікаць Мяне ‘Ойча мой!’ і ад Мяне не адвернецеся”.
20Але як жонка здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД. 21Чутны голас на ўзгорках, плач і лямант сыноў Ізраіля, бо яны апаганілі шлях свой, забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго. 22Вярніцеся, сыны адступнікі, Я вылечу адступніцтва вашае. “Вось, мы прыйшлі да Цябе, бо Ты — ГОСПАД, Бог наш.
23Сапраўды, узгоркі і гоман на гарах — падман. Сапраўды, у ГОСПАДЗЕ, Богу нашым, збаўленьне Ізраіля. 24Сорам зьядаў працу бацькоў нашых ад маладосьці нашай, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх. 25Мы ляжым у сораме нашым, і ганьба нашая нас пакрывае, бо мы зграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага, мы і бацькі нашыя, ад маладосьці нашай аж да дня гэтага, і ня слухалі мы голасу ГОСПАДА, Бога нашага”.