Genèse 9
L'alliance de l'arc-en-ciel
І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю. 2Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі ўсе зьвяры зямныя, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя. 3Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё.
4Толькі цела з душою ягонай, з крывёю яго, ня ешце. 5І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць; з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе; i з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека. 6Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы.
7А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй». 8І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы: 9«Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас, 10і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі.
11І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нiшчыць зямлю». 12І сказаў Бог: «Гэта знак запавету, якi Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, у пакаленьні вечныя. 13Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
14І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах, 15і Я ўзгадаю запавет Мой, якi паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела. 16І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю запавет вечны паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі».
17І сказаў Бог Ною: «Гэта знак запавету, якi Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі».
L'ivresse de Noé
18І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана. 19Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх напоўнілася [людзьмі] ўся зямля. 20І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік.
21І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту. 22І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, [якія былі] звонку. 23І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; і абліччы іхнія былі [зьвернутыя] назад, і яны ня бачылi голасьцi бацькі свайго.
24І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны, 25і сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».
La bénédiction de Sem
26І сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным. 27Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць у намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою». 28І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
29І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.