Иов 5

Елифаз призывает Иова взыскать Бога

Дык крычы, калі ёсьць той, хто адкажа табе? Да каго са сьвятых ты зьвернешся? 2Бо неразумнага забівае гняўлівасьць, а дурнога губіць зайздрасьць. 3Я бачыў, як дурны разжываецца, але ў момант спарахнеў дом ягоны.

4Сыны ягоныя без ратунку, іх топчуць у браме, і няма каму ратаваць іх. 5Ураджай ягоны зьесьць галодны, і з-за агароджы схопіць, і прагны праглыне багацьце ягонае. 6Ня з пылу бярэцца няшчасьце, і не з зямлі расьце гора.

7Але чалавек нараджаецца на пакуты, як зьнічкі — каб падымацца ўгору. 8Таму я буду прасіць Бога, і да Бога ўзьнясу справу маю. 9Ён творыць рэчы недасьледныя і вялікія, і цуды незьлічоныя.

10Ён дае дождж на аблічча зямлі і поіць палеткі вадою. 11Ён падымае прыніжаных высока, і тых, што смуткуюць, суцяшае збаўленьнем. 12Ён разьбівае намеры ліхотнікаў, каб не змаглі рукі іхнія выканаць тое, што задумалі.

13Ён ловіць хітрых у глупоце іхняй, і змову крывадушнікаў робіць марнай. 14Удзень падаюць у цемру, і быццам уначы, навобмацак ідуць апоўдні. 15Ён ратуе беднага ад мяча, і бедака — ад рукі нахабніка.

16І ёсьць надзея для ўбогага, а крыўда зачыняе вусны свае. 17Шчасьлівы чалавек, якога дакарае Бог; таму навучаньнем Усемагутнага не пагарджай. 18Ён раніць, і Ён лечыць, Ён ударае і аздараўляе Сам рукамі Сваімі.

19Ад шасьці бедаў збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране няшчасьце цябе. 20У голад Ён захавае цябе ад сьмерці, і ў час вайны ад мяча ўратуе. 21Усьцеражэшся ты ад языка кусьлівага і ня будзеш баяцца спусташэньня, калі яно прыйдзе.

22У час спусташэньня і голаду будзеш ты сьмяяцца і ня будзеш баяцца зьвяроў палявых. 23З камянямі палявымі дамова твая, і зьвяры дзікія будуць прыязныя табе. 24І ты даведаешся, што намёт твой у супакоі, і, наведваючы жытло тваё, ня знойдзеш нястачы.

25І ты ўбачыш, што насеньне тваё шматлікае і нашчадкі твае — быццам трава на зямлі. 26І ўвойдзеш у магілу ў гадах сьпелых, як кладзецца сноп пшаніцы ў час свой. 27Як мы дасьледавалі гэта, так і ёсьць. Паслухай гэта, і сам зразумееш».

Скопировано!
Aa