诗篇 77
我要追念耶和华所行的
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа. 2Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне. 3У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.
4Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях) 5Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць. 6Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя.
7Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой: 8«Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць? 9Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?
10Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях) 11І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага. 12Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія.
13І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць». 14У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог? 15Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.
16Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях) 17Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні. 18Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.
19Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла. 20Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць. 21Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.