Salmi 102

La preghiera dell'afflitto

Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагае і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой. 2ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе! 3Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне.

4Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне. 5Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой. 6Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго.

7Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня. 8Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху. 9Увесь дзень зьневажаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне.

10Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязьмі мяшаю 11праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў. 12Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава.

13А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне. 14Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара. 15Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным.

16І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй, 17бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй. 18Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі.

19Будзе запісана гэта для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА, 20бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю, 21каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць, 22каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — у Ерусаліме, 23калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ.

24Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае. 25Я кажу: «Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае! 26Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх.

27Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца; 28а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца! 29Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім».

Copiato!
Aa