Proverbi 12
Chi ama la disciplina ama la conoscenza
Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань. 2Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць. 3Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.
4Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных. 5Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя. 6Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.
7Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць. 8Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны. 9Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.
10Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае. 11Хто абрабляе зямлю сваю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму. 12Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].
13Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды. 14З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго. 15Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.
16Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу. 17Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праведна, а сьведка фальшывы хлусіць. 18Ёсьць такі, што лапоча і раніць, як мечам, а язык мудрага лечыць.
19Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне. 20Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць. 21Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.
22Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму. 23Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства. 24Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.
25Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго. 26Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх. 27Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.
28На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.