Proverbi 10

Un figlio saggio rallegra

Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — смутак для маці. 2Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 3Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў.

4Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае. 5Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны. 6Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

7Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее. 8Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 9Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто крывіць шляхі свае, будзе выяўлены.

10Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, і той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 11Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 12Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны.

13У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага. 14Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы. 15Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — галеча іхняя.

16Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху. 17На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае. 18Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань.

19У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы. 20Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае. 21Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму.

22Дабраславенства ад ГОСПАДА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць. 23Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а чалавек разумны [радуецца] мудрасьці. 24Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца.

25Калі пранясецца віхура, ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак. 26Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць. 27Страх перад ГОСПАДАМ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца.

28Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне. 29Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў. 30Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі.

31Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны. 32Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а ў вуснах бязбожнікаў — падступнасьць.

Copiato!
Aa