Matteo 16
Chiedono un segno dal cielo
І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. 2Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”. 3І раніцаю: “Сёньня непагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце?
4Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
Il lievito dei farisei
5І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба. 6А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай». 7Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі».
8Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі? 9Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі? 10Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі?
11Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?» 12Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але вучэньня фарысэйскага і садукейскага.
La confessione di Pietro
13А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?» 14А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў». 15Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?»
16Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога». 17І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе. 18І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе.
19І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе». 20Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
Gesù annuncia la sua morte
21Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!» 23Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае».
Prendere la propria croce
24Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною. 25Бо хто хоча душу сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе. 26Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
27Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. 28Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».