Marco 5
L'indemoniato di Gerasa
І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі. 2І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам, 3які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
4Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго. 5І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе камянямі. 6І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму, 7і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».
8Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека». 9І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа». 10І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.
11А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў. 12І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньняў, каб мы ў іх увайшлі». 13І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.
14А тыя, што пасьвілі сьвіньняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася. 15І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. 16І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіньняў.
17І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх. 18І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім. 19Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».
20І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.
La figlia di Iairo e la donna che toccò Gesù
21І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора. 22І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных, 23і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».
24І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго. 25І нейкая жанчына, якая [была] хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў, 26і шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася, 27пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае, 28бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».
29І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы. 30І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?» 31І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”» 32Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.
33А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. 34Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй». 35Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»
36Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер». 37І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. 38І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.
39І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць». 40І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка. 41І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
42І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім. 43І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.