Giobbe 13
Difenderò la mia causa davanti a Dio
Усё гэта бачыла вока маё, і чула вуха маё, і ўсё зразумела. 2Тое, што вам вядома, і я ведаю, і я ня горшы ад вас. 3Я хачу гаварыць з Усемагутным і прагну Богу прадставіць [справу маю].
4Бо вы задумалі няпраўду, вы — лекары, нічога ня вартыя. 5Калі б вы маўчалі, вы зьявілі б гэтым мудрасьць! 6Паслухайце скаргу маю і зважце на адказ вуснаў маіх.
7Ці належала вам дзеля Бога казаць няпраўду і дзеля Яго гаварыць хлусьліва? 8Ці належала вам быць крывадушнымі дзеля Яго, і за Бога на судзе спрачацца? 9Ці добра будзе, калі Ён вас будзе выспрабоўваць? Ці зможаце з Яго насьміхацца, як насьміхаюцца з чалавека?
10Ён, караючы, пакарае вас, калі будзеце патаемна зважаць на аблічча. 11Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не агартае вас? 12Напаміны вашыя — гэта словы з попелу, а вежы вашыя — вежы гліняныя.
13Памаўчыце крыху, а я буду гаварыць, і няхай што заўгодна прыйдзе на мяне. 14Навошта мне кусаць цела маё зубамі маімі і душу маю трымаць рукамі маімі. 15Хоць бы і забіў мяне [Бог], буду мець у Ім надзею і буду абараняць шляхі мае перад абліччам Ягоным.
16У гэтым будзе збаўленьне маё, бо ніводзін бязбожнік ня прыйдзе перад аблічча Ягонае. 17Слухайце ўважліва словы мае, і няхай будзе ў вушах вашых тлумачэньне маё. 18Бо я пачаў суд, і ведаю, што [буду] апраўданы.
19Хто будзе судзіцца са мной? Тады я змоўкну, і [гатовы] памерці. 20Дзьвюх толькі рэчаў не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго: 21аддалі руку Тваю ад мяне, і жах Твой няхай не палохае мяне.
22Пакліч мяне, і я адкажу Табе, або я буду гаварыць, а Ты адкажы мне. 23Якія грахі і правіны я маю? Пакажы мне грэх мой і правіны мае. 24Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне за ворага для Цябе?
25Ці Ты пужаеш лісток, які [ветрам] сарваны, і гонішся за сухой саломай? 26Бо Ты пішаш пра мяне прыкрасьці і прыгадваеш мне грахі маладосьці маёй. 27Ты замыкаеш у калоду ногі мае, і пільна назіраеш сьцежкі мае, і дасьледуеш усе сьляды мае.
28І я марнею, як спарахнелае дрэва і як адзеньне, якое моль патачыла.