Esodo 40
Il tabernacolo è eretto
I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2«У першы месяц, у першы дзень месяца паставіш Сялібу Намёту Спатканьня. 3I паставіш там Каўчэг Сьведчаньня, і закрыеш Каўчэг заслонаю.
4I ўнясеш стол, і разложыш на ім тое, што належыць, і ўнясеш сьвечнік, і запаліш лямпы ягоныя. 5I паставіш ахвярнік залаты для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня; і завесіш заслону на ўваходзе ў Сялібу. 6I паставіш ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у Сялібу Намёту Спатканьня.
7I паставіш мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады. 8I паставіш панадворак наўкола, і завесіш заслону ў браме панадворку. 9I возьмеш алей памазаньня, і памажаш Сялібу і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і будзе Сьвятой.
10I памажаш ахвярнік цэласпаленьня і ўсё начыньне ягонае, і асьвяціш ахвярнік, і будзе ахвярнік Сьвятым Сьвятых. 11I памажаш мыцельнік і падставу ягоную, і асьвяціш яго. 12I наблізіш Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх вадою.
13I апранеш Аарона ў адзеньні сьвятыя, і памажаш яго, і асьвяціш яго, і ён будзе сьвятаром Маім. 14I сыноў ягоных наблізіш, і апранеш іх у хітоны, 15і памажаш іх, як ты памазаў бацьку іхняга, і яны будуць сьвятарамі Маімі, і будзе ім памазаньне іхняе на сьвятарства вечнае ў пакаленьнях іхніх».
16I зрабіў Майсей усё; як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў. 17I сталася, у першы месяц другога году, у першы дзень месяца была пастаўлена Сяліба. 18I паставіў Майсей Сялібу, і палажыў падстаўкі яе, і паставіў дошкі яе, і палажыў жэрдкі яе, і паставіў слупы яе, 19і расьцягнуў намёт над Сялібай, і палажыў пакрыцьцё намёту зьверху над ім, як загадаў ГОСПАД Майсею.
20I ўзяў, і палажыў Сьведчаньне ў Каўчэг, і ўлажыў насілы ў Каўчэг, і палажыў накрыўку на Каўчэг зьверху. 21I ўнёс Каўчэг у Сялібу, і завесіў заслону, якая вісіць, і засланіў ёю Каўчэг Сьведчаньня, як загадаў ГОСПАД Майсею. 22I паставіў стол у Намёт Спатканьня, на паўночным баку Сялібы, звонку ад заслоны.
23I разлажыў шэрагі хлябоў перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 24I паставіў сьвечнік у Намёт Спатканьня насупраць стала, на паўднёвым баку Сялібы. 25I запаліў лямпы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
26I паставіў ахвярнік залаты ў Намёце Спатканьня перад заслонаю. 27I кадзіў на ім пахкім кадзілам, як загадаў ГОСПАД Майсею. 28I завесіў заслону на ўваходзе ў Сялібу.
29I ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў Сялібу Намёту Спатканьня, і ахвяраваў на ім цэласпаленьне і ахвяру хлебную, як загадаў ГОСПАД Майсею. 30I паставіў мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і наліў у яго вады для абмываньня. 31I абмывалі ў ім Майсей і Аарон, і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае.
32Калі ўваходзілі ў Намёт Спатканьня і калі набліжаліся да ахвярніка, яны абмываліся, як загадаў ГОСПАД Майсею. 33I паставіў панадворак вакол Сялібы і ахвярніка, і завесіў заслону ў браме панадворку. I скончыў Майсей работу.
La gloria riempie il tabernacolo
34І закрыла воблака Намёт Спатканьня, і слава ГОСПАДА напоўніла Сялібу. 35I ня мог Майсей увайсьці ў Намёт Спатканьня, бо ляжала на ім воблака, і слава ГОСПАДА напаўняла Сялібу. 36I калі падымалася воблака па-над Сялібаю, тады вырушалі сыны Ізраіля ў-ва ўсе падарожжы свае.
37А калі не падымалася воблака, тады не вырушалі, аж да дня, калі яно падымалася. 38Бо воблака ГОСПАДА было над Сялібай удзень, і агонь быў над ёй уначы перад вачыма ўсяго дому Ізраіля ў-ва ўсіх падарожжах іхніх.