1 Giovanni 3
Vedete quale amore ci ha dato il Padre
Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі. Сьвет дзеля таго не пазнае вас, што не пазнаў Яго. 2Улюбёныя! Мы цяпер дзеці Божыя, і яшчэ ня выявілася, што мы будзем, а ведаем, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць. 3І ўсякі, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
4Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне. 5І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху. 6Усякі, хто ў Ім застаецца, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.
7Дзеткі! Няхай ніхто вас не падмане. Хто чыніць праведнасьць, той праведны, як і Ён праведны. 8Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьнішчыць справы д’ябла. 9Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, таму што насеньне Ягонае застаецца ў ім, і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
10Дзеці Божыя і дзеці д'яблавы выяўляюцца гэтак: усякі, хто ня робіць праведнасьць, ня ёсьць ад Бога, і той, хто ня любіць брата свайго.
Amore con i fatti e in verità
11Бо гэткая ёсьць вестка, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. 12Ня гэтак, як Каін, што быў ад злога і замардаваў брата свайго. І дзеля чаго замардаваў яго? Бо ягоныя ўчынкі былі злыя, а брата ягонага — праведныя. 13Не зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
14Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці. 15Усякі, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць чалавеказабойца; і вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім застаецца. 16У гэтым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю; і мы павінны пакладаць душы свае за братоў.
17А хто мае маёмасьць у сьвеце, і бачыць брата свайго ў патрэбе, і зачыняе ад яго нутро сваё, дык як любоў Божая застаецца ў ім? 18Дзеткі мае! Будзем любіць ня словам ці языком, але ўчынкам і праўдаю! 19І з гэтага даведаемся, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.
20Бо калі сэрца нас дакарае, дык Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. 21Улюбёныя! Калі сэрца нашае не дакарае нас, мы маем адвагу перад Богам, 22і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказаньні Ягоныя і тое, што падабаецца [Яму], робім перад Ім.
23І гэткае прыказаньне Яго, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне. 24І хто захоўвае прыказаньні Ягоныя, той застаецца ў Ім, і Ён у тым. І што Ён застаецца ў нас, даведваемся паводле Духа, Якога Ён нам даў.