Philippians 3
I count everything as loss
Нарэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам гэта для мяне ня цяжка, а для вас карысна. 2Зважайце на сабак, зважайце на благіх работнікаў, зважайце на нібыта абрэзаных, 3бо абрэзаныя — гэта мы, якія служым Богу духам, і хвалімся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне; 4хоць я маю пэўнасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш, 5абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраіля, з калена Бэн’яміна, Гебрай з Гебраяў, паводле Закону — фарысэй, 6які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, паводле праведнасьці, якая з Закону, — беззаганны.
7Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту. 8І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць 9і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога праз веру, 10каб пазнаць Яго, і сілу ўваскрасеньня Яго, і супольнасьць пакутаў Яго, прыпадабняючыся сьмерці Яго, 11каб толькі дасягнуць паўстаньня з мёртвых.
Pressing on toward the goal
12Не таму, што я ўжо атрымаў ці ўжо споўніў [усё], але імкнуся, ці не дасягну і я таго, як мяне дасягнуў Хрыстос Ісус. 13Браты, я не лічу сябе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся пра тое, што ззаду, і імкнучыся да таго, што наперадзе, 14імчу да мэты, да ўзнагароды пакліканьня Божага, якое з гары ў Хрысьце Ісусе.
15Дык усе, хто дасканалыя, будзем думаць гэтак. А калі вы што іначай думаеце, і гэтае Бог вам адкрые. 16Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, паводле гэтага правіла будзем хадзіць і гэтак думаць.
Our citizenship is in heaven
17Будзьце падобнымі, браты, да мяне, і зважайце на тых, хто гэтак ходзіць, паводле ўзору, які маеце ў нас. 18Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, ходзяць як ворагі крыжа Хрыстовага. 19Іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, і слава [іхняя] ў сораме іх, яны думаюць пра зямное.
20А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, 21Які зьменіць выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім Ён дзейнічае і падпарадкоўвае Сабе ўсё.