Philippians 2
Consider others better than yourselves
Дык калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць якая сардэчнасьць і міласэрнасьць, 2дапоўніце маю радасьць, каб вы тое самае думалі, тую самую любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя, 3нічога ня [робячы] дзеля сварлівасьці ці дзеля пустое пахвальбы, але ў пакоры розуму шануючы адзін аднога як вышэйшых за сябе.
4Не на сваё [толькі] няхай кожны зважае, але і на тое, што іншых.
He humbled himself
5Бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе, 6Які, маючы постаць Бога, не лічыў захопам быць роўным Богу, 7але прынізіў Сябе, прыняўшы постаць слугі, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек, 8панізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
9Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, 10каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных 11і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца.
Shine like stars
12Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды слухаліся, ня толькі, калі я прыходзіў, але шмат больш цяпер, у адсутнасьць маю, са страхам і трымценьнем зьдзяйсьняйце збаўленьне сваё, 13бо Бог ёсьць Той, Які дзейнічае ў вас паводле ўпадабаньня [Свайго], каб вы і хацелі, і дзейнічалі. 14Усё рабіце без нараканьняў і хістаньняў, 15каб вы былі беззаганнымі і шчырымі дзецьмі Божымі, беззаганнымі сярод пакаленьня скрыўленага і сапсаванага, у якім вы сьвеціце, як сьвятло ў сьвеце, 16захоўваючы слова жыцьця, на пахвалу маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма бег і не надарма працаваў.
17Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і служэньне веры вашай, я радуюся, і радуюся разам з усімі вамі. 18З гэтага самага і вы радуйцеся, і радуйцеся разам са мною.
Timothy and Epaphroditus
19А я спадзяюся ў Госпадзе Ісусе хутка паслаць да вас Цімафея, каб і я ўсьцешыўся, даведаўшыся пра вас. 20Бо ня маю нікога роўнага душою, хто б гэтак шчыра пра вас клапаціўся. 21Бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што Хрыста Ісуса.
22А яго выпрабаванасьць вы ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне дзеля Эвангельля. 23Дык я спадзяюся паслаць яго неадкладна, як толькі даведаюся адносна сябе. 24Бо я пэўны ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду.
25Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і таварыша майго, а вашага пасланца і служыцеля ў патрэбе маёй, 26бо ён жадаў [бачыць] усіх вас і тужыў, што вы пачулі пра нядужасьць ягоную. 27Бо ён быў хворы амаль сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я смутку да смутку.
28Дык я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, і каб я ня быў засмучаны. 29Дык прыйміце яго ў Госпадзе з усякай радасьцю і гэтакіх мейце ў паважаньні, 30бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы пра душу [сваю], каб дапоўніць нястачу служэньня вашага мне.