Römer 11
Ein Rest, erwählt aus Gnade
Дык кажу: няўжо Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я — Ізраільцянін, з насеньня Абрагама, з калена Бэн’яміна. 2Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Ці ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю, як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы: 3«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі і ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і душу маю шукаюць».
4Але што кажа яму адказ Божы? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, якія не схілілі калені перад Баалам». 5Дык гэтак і ў цяперашні час рэшта паводле выбраньня ласкі захавалася. 6А калі праз ласку, дык не праз учынкі, іначай ласка ўжо ня ёсьць ласка. А калі праз учынкі, дык гэта ня ласка, іначай учынак ужо ня ёсьць учынак.
7Дык што? Што шукае Ізраіль, таго не атрымаў; выбраныя атрымалі, а іншыя былі закамянелыя [сэрцам], 8як напісана: «Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да сёньняшняга дня». 9I Давід кажа: «Няхай станецца стол іхні пасткаю, і цянётамі, і згаршэньнем, і аднагародаю.
10Няхай зацемняцца вочы іхнія, якімі ня бачаць, і хрыбет іхні няхай будзе сагнуты назаўсёды».
Eingepfropfte Zweige
11Дык кажу: Няўжо яны спатыкнуліся, каб упасьці? Няхай ня станецца. Але праступак іхні — збаўленьне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць. 12Калі ж праступак іхні — багацьце сьвету, і ўпадак іхні — багацьце паганаў, дык наколькі больш поўнасьць іхняя? 13Бо кажу вам, паганам: Як апостал паганаў, я ўслаўляю служэньне маё, 14бо, можа, збуджу руплівасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх.
15Бо калі згуба іхняя — прымірэньне сьвету, дык што прыняцьцё, як не жыцьцё з мёртвых? 16Калі зачатак сьвяты, дык і месіва; і калі корань сьвяты, дык і галіны. 17Калі ж некаторыя з галінаў былі адламаныя, а ты, дзікая аліўка, быў прышчэплены замест іх і стаўся ўдзельнікам кораня і тлустасьці аліўкі, 18не вывышайся перад галінамі; а калі вывышаешся, дык [ведай, што] ня ты трымаеш корань, але корань — цябе.
19Дык скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены». 20Добра. Яны адламаныя праз недаверства, а ты трымаешся праз веру; дык не ўзьвялічвайся, але бойся. 21Бо калі Бог прыродных галінаў не пашкадаваў, дык ці цябе пашкадуе.
22Дык глядзі на ласкавасьць і срогасьць Божую, срогасьць да тых, якія ўпалі, а ласкавасьць да цябе, калі застанешся ў ласкавасьці [Божай], іначай і ты будзеш сьсечаны. 23I тыя, калі не застануцца ў недаверстве, будуць прышчэпленыя, бо Бог магутны ізноў прышчапіць іх. 24Бо калі ты адсечаны ад дзікае паводле прыроды аліўкі і, насуперак прыродзе, прывіты да добрае аліўкі, наколькі больш тыя, якія паводле прыроды [ад добрае аліўкі], будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі?
Ganz Israel wird gerettet werden
25Бо не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы не былі мудрымі праз сябе, што скамяненьне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў, 26і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: «Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба. 27І гэта Мой запавет з імі, калі забяру грахі іхнія».
28Дык паводле Эвангельля яны — ворагі для вас, а паводле выбраньня — улюбёныя дзеля бацькоў. 29Бо нязьменныя дары і пакліканьне Божае. 30Бо як і вы некалі не скараліся Богу, а цяпер памілаваныя праз няскоранасьць іхнюю, 31гэтак і яны цяпер не скараюцца дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваныя.
32Бо ўсіх Бог замкнуў у няскоранасьць, каб усіх памілаваць.
Die Tiefe des Reichtums Gottes
33О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як неспасьцігальныя прысуды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя! 34Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто стаўся дарадцам Яму? 35Ці хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў яму?
36Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн.