Psalmen 94
Wie lange sollen die Gottlosen frohlocken
Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй! 2Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны! 3Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца?
4[Дакуль] будуць плявузгаць, прамаўляць дзёрзка? [Дакуль] будуць гаварыць усе злачынцы? 5Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю. 6Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць, 7і кажуць: «Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якуба!»
8Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце? 9Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць? 10Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам?
11ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць. 12Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго Закону Твайму, 13каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка.
14Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне. 15Бо вернецца суд да праведнасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам. 16Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства?
17Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня. 18Калі я сказаў: «Хістаецца нага мая!», міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, умацавала мяне. 19Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю.
20Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]? 21Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць. 22Але ГОСПАД стаўся ўмацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго.
23І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.