Psalmen 45

Ein Hochzeitslied für den König

Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная. 2Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я расказваю твор мой пра Валадара. Язык мой — як пёрка спраўнага пісара. 3Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў Тваіх! Таму дабраславіў Цябе Бог на вякі.

4Падперажы, Волаце, паясьніцу мячом Тваім, славай Тваёй і веліччу Тваёй! 5І ў велічы Тваёй мей посьпех, сядзь [пераможна] са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца Твая няхай навучыць цябе страху [Божаму]. 6Стрэлы Твае вострыя, народы ўпадуць пад [ногі] Твае, яны [скіраваныя] ў сэрцы ворагаў Валадара.

7Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго. 8Ты палюбіў праведнасьць і ўзьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой, алеем радасьці больш за таварышаў Тваіх. 9Усё адзеньне Тваё — [быццам] міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае [граньне] на струнах вяселіць Цябе.

10Дочкі валадароў сярод шанаваных Тваіх; сужонка Валадара стаіць праваруч Цябе ў шчырым золаце з Афіру. 11«Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго. 12І калі Валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад Ім, бо Ён — Госпад твой».

13I дачка Тыру з дарам [прыйдзе] перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу. 14Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе. 15У вопратках рознакаляровых вядуць яе да Валадара; дзяўчыны [ідуць] за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе.

16Іх вядуць у радасьці і вясёласьці, і ўваходзяць яны ў палац Валадара. 17Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі. 18Я зраблю памятным імя Тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць Цябе на вякі вечныя.

Kopiert!
Aa