Psalmen 33

Singt dem HERRN ein neues Lied

Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі; правым пасуе хвала. 2Слаўце ГОСПАДА на гусьлях, выслаўляйце Яго на псалтыры дзесяціструнным! 3Сьпявайце Яму новы сьпеў; спраўна грайце [Яму] пад трубныя гукі.

4Бо слушнае слова ГОСПАДА, і ўсе творы Ягоныя верныя. 5Ён любіць праведнасьць і суд; міласэрнасьцю ГОСПАДА напоўнена зямля. 6Словам ГОСПАДА зроблены нябёсы, а подыхам вуснаў Ягоных — усе войскі іхнія.

7Ён сабраў як капу воды марскія, Ён склаў іх у скарбніцу бяздоньняў. 8Няхай баіцца ГОСПАДА ўся зямля, няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары сусьвету. 9Бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і паўстала.

10ГОСПАД разьбіў намеры паганаў, запярэчыў думкам народаў. 11Намер ГОСПАДА будзе трываць на вякі, думкі сэрца Ягонага — з пакаленьня ў пакаленьне. 12Шчасьлівы народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог, народ, які Ён выбраў на спадчыну для Сябе.

13З неба ГОСПАД глядзіць, Ён бачыць усіх сыноў чалавечых; 14з месца, дзе Ён жыве, Ён паглядае на ўсіх жыхароў зямлі. 15Ён уфармаваў сэрца кожнага з іх, Ён зважае на ўсе ўчынкі іхнія.

16Ня будзе збаўлены валадар войскам вялікім, волат ня вызваліцца праз вялікую сілу сваю; 17ненадзейны конь для выратаваньня, і вялікая сіла ягоная ня дасьць выбаўленьня. 18Вось, вока ГОСПАДА над тымі, якія баяцца Яго, якія спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную, 19што Ён вызваліць ад сьмерці душы іхнія, і захавае жыцьцё ў [час] голаду.

20Душа нашая чакае на ГОСПАДА; Ён — дапамога наша і шчыт наш. 21Бо ў Ім радуецца сэрца нашае; бо мы на імя Яго сьвятое спадзяемся. 22Няхай будзе міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, над намі, як мы на Цябе спадзяемся!

Kopiert!
Aa