Jesaja 38
Noch fünfzehn Jahre
У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом твой, бо ты паміраеш і ня будзеш жыць”». 2І павярнуў Эзэкія аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА, 3і казаў: «О, ГОСПАДЗЕ, узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
4І было слова ГОСПАДА да Ісаі, кажучы: 5«Ідзі і скажы Эзэкіі: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, 6і выратую ад рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.
7І гэта вось будзе табе на знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова гэтае, якое Ён прамовіў. 8Вось, Я вярну цень [сонечны] на дзесяць прыступак [гадзіньніка] Ахаза, па якіх сонца ўжо зыйшло па прыступках”». І вярнулася сонца на дзесяць прыступак, па якіх [ужо] зыйшло.
Das Lied Hiskias
9Напісанае Эзэкіем, валадаром Юды, калі ён быў захварэў і акрыяў ад хваробы сваёй: 10«Я сказаў: “У палове дзён маіх мушу ісьці да брамы апраметнай, я пазбаўлены рэшты гадоў маіх”. 11Я сказаў: “Я ня ўбачу ГОСПАДА, ГОСПАДА ў зямлі жывых; і ня буду больш бачыць чалавека сярод тых, што жывуць у сьвеце”.
12Жытло маё разабрана і перанесена [далёка] ад мяне, як намёт пастухоў. Я зьвіваю, як ткач, жыцьцё маё; як нітку ад асновы Ён адрывае мяне, з дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё. 13Я крычаў аж да раніцы. Як леў Ён скрышыў усе косткі мае. З дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё. 14Я пішчу як ластаўка, як журавель, уздыхаю як галубка, стаміліся вочы мае, [углядаючыся] ўгору. ГОСПАДЗЕ, я прыгнечаны, паручыся за мяне!
15Што я маю сказаць? Ён што сказаў, тое і ўчыніў мне! Буду паволі ісьці праз усе гады мае ў горычы душы маёй. 16ГОСПАДЗЕ, гэтым жывуць [людзі] і ў-ва ўсім гэтым — жыцьцё духа майго. Аздараві мяне і ажыві мяне! 17Вось, супакоем [зрабіў] горыч маю вялікую. Ты вырваў душу маю з ямы загубы, і кінуў за сьпіну Тваю ўсе грахі мае.
18Бо не апраметная будзе славіць Цябе, і сьмерць ня будзе хваліць Цябе. Ня маюць надзеі на вернасьць Тваю тыя, што зыходзяць у магілу. 19Жывы, [толькі] жывы будзе славіць Цябе, як я сёньня. Бацька сынам паведаміць пра вернасьць Тваю. 20ГОСПАД збавіў мяне! І пад граньне музыкаў мы будзем сьпяваць усе дні жыцьця нашага ў Доме ГОСПАДА».
21І сказаў Ісая: «Няхай возьмуць аладку з фігаў і пакладуць на скулу, і ён ачуняе». 22І сказаў Эзэкія: «Які знак, што я ўвайду ў Дом ГОСПАДА!»