Jesaja 23

Der Spruch gegen Tyrus

Цяжар адносна Тыру. Лямантуйце, караблі Таршышу, бо зьнішчаны дом ваш. Калі яны вярталіся з зямлі Кіттым, аб’яўлена ім [гэта]. 2Замаўчыце, жыхары ўзьбярэжжа, купцы Сідонскія, якія падарожнічалі па моры і напоўнілі цябе, 3і па водах [прывозілі] насеньне Шыхору, жніво ракі [Ніл], прыбытак ягоны, які быў таварам для народаў.

4Засаромся, Сідон, бо сказала мора, цьвярдыня марская, кажучы: «Я ня мучылася родамі і не нарадзіла, і не ўзгадавала юнакоў, і ня выхавала дзяўчат». 5Калі вестка гэтая [дойдзе] да Эгіпту, яны здрыгануцца, пачуўшы пра Тыр. 6Перапраўцеся ў Таршыш! Галасіце, жыхары ўзьбярэжжа.

7Ці гэта ваш [горад] вясёлы, якога пачатак здаўна? Ногі нясуць яго далёка, каб пасяліцца [там]. 8Хто пастанавіў гэта адносна Тыру, які раздаваў кароны? Купцы ягоныя былі князямі, а гандляры ягоныя [былі] ў славе на зямлі. 9ГОСПАД Магуцьцяў пастанавіў гэта, каб упакорыць пыху ўсякай славы і каб панізіць усіх слаўных на зямлі.

10Ідзі ў зямлю тваю, як рака, дачка Таршышу, бо перашкоды ўжо няма. 11Ён выцягнуў руку Сваю над морам, затрос валадарствамі. ГОСПАД загадаў адносна Ханаану, каб зьнішчыць цьвярдыню ягоную, 12і сказаў: «Ня будзеш ты больш весяліцца, спаганеная дзяўчына, дачка Сідону! Устань, перайдзі ў Кіттым, але і там ня будзеш мець супакою».

13Вось, зямля Халдэйцаў, такога народу [ўжо] няма, Асірыя прызначыла яе для зьвяроў пустыні. Яны збудавалі вежы свае; зруйнавалі палацы іхнія, ператварылі іх у руіну. 14Лямантуйце, валадары Таршышу, бо спустошана цьвярдыня вашая. 15І станецца ў той дзень, што на Тыр забудуцца на семдзясят гадоў, як дні аднаго валадара. Калі скончацца семдзясят гадоў, станецца Тыру, як у тым сьпеве пра распусьніцу: 16«Вазьмі гусьлі, абыйдзі горад, блудніца забытая! Зайграй прыемна, памнож сьпевы, каб ізноў прыгадалі цябе!»

17І станецца, калі скончацца семдзясят гадоў, ГОСПАД наведае Тыр, і ён вернецца да прыбытку свайго, і будзе распусьнічаць з усімі валадарствамі сьвету на абліччы зямлі. 18І станецца, што заробак ягоны і прыбытак ягоны бу­дуць пасьвячоныя ГОСПАДУ, і ня будуць яны зьбіраныя, і ня будуць хаваныя, бо для тых, якія жывуць перад абліччам ГОСПАДА, будзе заробак ягоны, каб яны маглі есьці ўдосталь і апранацца раскошна.

Kopiert!
Aa