Hiob 36

Gott ist mächtig und lehrt

І працягваў Элігу, і сказаў: 2«Пачакай мяне трохі, і я пакажу табе, што маю яшчэ словы пра Бога. 3Пачну здалёк навучаньне маё, і Творцу майму аддам праведнасьць.

4Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і з табою я дасканалы ў веданьні. 5Вось, Бог магутны і не адкідае нікога, Ён магутны моцай сэрца. 6Ён не дае жыць бязбожніку, але дае суд убогаму.

7Не адварочвае Ён ад праведных вачэй Сваіх, але саджае іх з валадарамі на пасадзе назаўжды, і яны ўзвышаюцца. 8І калі яны закаваныя ў кайданы і зьвязаныя путамі гора, 9Ён паказвае ім учынкі іхнія і злачынствы іхнія, што яны памножыліся.

10І Ён адкрывае вуха іхняе, каб навучыць іх, і гаворыць ім, каб адвярнуліся ад ліхоты. 11Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, яны пражывуць дні свае ў дабрабыце і гады свае — у прыемнасьці. 12А калі не паслухаюцца, тады загінуць ад дзіды і памруць з нястачы веданьня.

13Крывадушнікі склада­юць гнеў у сэрцы сваім і ня клічуць [Бога], калі Ён закоўвае іх [у кайданы]. 14У марнасьці памірае душа іхняя і жыцьцё іхняе між распусьнікамі. 15Ён ратуе ўбогага з уціску ягонага і адкрывае вуха ягонае ў трывозе.

16Таксама цябе Ён выбавіць з цясноты на прастору, дзе няма ўціску, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім. 17Але ты поўны меркаваньняў бязбожных, і чакаюць цябе суд і вырак. 18Няхай не зьвядзе цябе гнеў, і вялікі выкуп няхай ня скрывіць [шляхоў] тваіх.

19Ці ў няшчасьці крык твой дапаможа або намаганьні сілы тваёй? 20Не жадай тае ночы, калі народы паднімаюцца з месцаў сваіх. 21Сьцеражыся, каб не зьвярнуўся да злачынства, бо праз яго ты спазнаеш гора.

22Вось, Бог узьвялічаны ў моцы Сваёй. Які настаўнік падобны да Яго? 23Хто можа вызначыць шляхі Ягоныя? І хто можа сказаць Яму: “Ты ўчыніў зло”? 24Памятай, каб услаўляць учынкі Ягоныя, пра якія сьпяваюць людзі.

25Усе людзі бачаць гэта, кожны прыглядаецца здалёк. 26Вось, Бог вялікі і перавышае веданьне нашае; лік гадоў Ягоных — неаблічальны. 27Ён зьбірае кроплі вады, і падаюць яны дажджом з хмары Ягонай.

28Яны цякуць з хмараў і выліваюцца на многіх людзей. 29Хто можа разумець разьлегласьць аблокаў і грымоты намёту Ягонага? 30Вось, Ён расьцягнуў вакол Сябе сьвятло Сваё і закрывае глыбіні мора.

31Адтуль Ён судзіць народы, і шчодра корміць іх. 32У руках Сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, куды цэліць. 33Грукат ейны паведамляе пра яе, нават статкі адчуваюць прыход яе.

Kopiert!
Aa