Hiob 31

Der Bund, den Hiob mit seinen Augen schloss

Я заключыў запавет з вачамі маімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну. 2Якая ж доля мая ў Бога на вышыні, і якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях? 3Ці ж не загуба [прызначана] для ліхотніка, і няшчасьце — для злачынцы?

4Ці ж Ён ня бачыць шляхоў маіх і ня лічыць усе крокі мае? 5Ці ж хадзіў я ў марнасьці, і ці ж нага мая сьпяшалася да подступу? 6Няхай узважыць Ён мяне на вагах справядлівых, і няхай ведае Бог невінаватасьць маю.

7Калі зыходзіў крок мой са шляху, і пайшло за вокам маім сэрца маё, і запляміла рукі мае што нячыстае, 8няхай я пасею, а есьці будзе іншы, і нашчадкі мае будуць вырваныя з каранямі. 9Калі сэрца маё зьвяла жанчына, і калі цікаваў я пры дзьвярах бліжняга майго, 10няхай жонка мая меле для другога, і няхай іншыя прыхіляюцца да яе.

11Бо гэта брыдота, злачынства, што падлягае суду. 12Гэта агонь, які палае для Абадону, які выкараняе ўсю маёмасьць маю. 13Калі я адмовіў суду слузе майму і служцы маёй, калі яны спрачаліся са мною, 14што я буду рабіць, калі паўстане Бог? І калі Ён наведае мяне, што я адкажу Яму?

15Ці ж ня Той, Хто мяне ўфармаваў ва ўлоньні, уфармаваў і яго; і ва ўлоньні [маці] ўкш­талтаваў нас Адзіны? 16Ці ж адмовіў я ў просьбе ўбогім і ці засмуціў вочы ўдавы? 17Ці я адзін зьядаў кавалак свой, і ці ня еў яго сірата?

18Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і вёў яго ад улоньня маці. 19Калі я бачыў таго, што гіне без адзеньня, або бедака, што ня меў чым накрыцца, 20ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, калі грэла іх воўна авечак маіх?

21Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе, 22няхай адпадзе рамяно ад сьпіны маёй, і няхай рука мая адломіцца ад локця. 23Бо страшнае мне было пакараньне Божае, перад веліччу Яго я не магу ўстаяць!

24Ці ў золаце я меў спадзяваньне? І ці золату чыстаму я казаў: “Надзея мая”? 25Ці цешыўся я дзеля мноства багацьцяў маіх, што рука мая столькі прыдбала? 26Калі я бачыў сонца, як яно зьзяе, або месяц, які ў яснасьці плыве, 27ці спакусіўся я таемна ў сэр­цы маім, і ці цалавалі вусны мае руку маю?

28Гэта было б злачынства, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога на вышынях. 29Ці я цешыўся з падзеньня таго, хто ненавідзеў мяне, і ці радаваўся, што яго напаткала няшчасьце? 30Але я не даваў грашыць паднябеньню майму, каб праклінаць душу ягоную.

31Ці ж не гаварылі людзі намёту майго: “Хто ж не насыціўся мясам ягоным!” 32На двары не заставаўся прыхадзень, брама мая была адкрытая для падарожнікаў. 33Ці ўтойваў я грэх мой як [іншы] чалавек, і ці хаваў за пазухай правіну маю?

34Тады б я баяўся грамады вялікай, і пагарда бліжніх палохала б мяне, і маўчаў бы я, і не выходзіў за дзьверы. 35Хто мне дасьць таго, хто паслухае мяне? Вось подпіс мой. Няхай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой, 36каб я насіў яе на плячах маіх і налажыў яе сабе, як вянец.

37Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да начальніка. 38Калі б жалілася на мяне зямля мая, і з ёй плакалі барозны ейныя, 39што плады ейныя я еў бяз срэбра, і што крыўдзіў душу ўласьніка яе, 40няхай замест пшаніцы родзіцца мне калючка, а замест ячменю — кукаль!» Скончыліся словы Ёва.

Kopiert!
Aa