Hiob 21
Warum gedeihen die Gottlosen
І адказаў Ёў, і сказаў: 2«Паслухайце ўважліва словы мае, і няхай будуць яны на пацяшэньне вашае. 3Дазвольце, і я буду казаць, а пасьля словаў маіх сьмейцеся сабе.
4Ці ж я гавару супраць чалавека, і ці ж няслушна маю быць нецярплівы? 5Паглядзіце на мяне і аслупянейце, і ўдарце рукою ў вусны свае. 6Калі я ўзгадваю гэта, я палохаюся, і дрыжаньне калоціць цела маё.
7Чаму жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасьці, і багацеюць? 8Насеньне іхняе моцнае ў іх, і ўнукі іхнія гадуюцца на вачах іхніх. 9Дамы ў іх забясьпечаныя ад страху, і няма кары Божай над імі.
10Бугай у іх заўсёды плодны і не зьнемагае, і карова целіцца, і не скідае [цяляці]. 11Дзеці іхнія, як статак, выходзяць, і малыя іхнія гуляюць вакол іх. 12Яны сьпяваюць пад бубны і гусьлі і весяляцца пры гуках жалейкі, 13і праводзяць у радасьці дні свае, і спакойна зыходзяць у адхлань.
14Яны кажуць Богу: “Адыйдзіся ад нас! Ня хочам ведаць шляхоў Тваіх. 15Хто такі Усемагутны, каб служыць Яму, і што Ён нам дапаможа, калі будзем маліць Яго?” 16Маюць яны ў руках сваіх дабрабыт, хоць думкі іхнія далёка ад Яго.
17Як часта тухне лямпа бязбожнікаў і нахлынае на іх загуба? Ці [часта] ў гневе [Божым] прыходзяць на іх пакуты? 18Ці яны падобныя да мякіны на ветры і да попелу гарачага, які вецер разносіць? 19[Скажаш:] “Бог захоўвае для дзяцей ягоных кару Сваю”. Няхай аднагародзіць Ён яму, каб ён ведаў.
20Няхай убачаць вочы ягоныя загубу яго, і няхай нап’ецца ён гневу Усемагутнага. 21Бо які будзе клопат яму пра дом ягоны, калі лік месяцаў ягоных спыніцца? 22Ці ж можа хто вучыць веданьню Бога? А Ён судзіць найвышэйшых.
23Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і ў супакоі. 24Начыньні ягоныя поўныя малака, і косткі ягоныя напоўнены сьвежым шпікам. 25А іншы памірае ў горычы душы і ня цешыўся дабром.
26Аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві. 27Вось, я ведаю думкі вашыя і намеры вашыя, каб нашкодзіць. 28Бо вы кажаце: “Дзе дом шляхетнага, а дзе намёт бязбожніка?” 29Ці вы не пыталіся некага з падарожнікаў і словаў іхніх вы не зразумелі, 30што ліхотнік захаваны ў дзень загубы і збаўлены ў дзень гневу?
31Хто будзе дакараць яго за шляхі ягоныя? І за тое, што ён зрабіў, хто аднагародзіць яму? 32Яго прынясуць да магілы, і пра дамавіну ягоную задбаюць. 33Салодкімі яму будуць груды зямлі, бо за ім ідуць усе людзі, і перад ім — безьліч.
34Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце, калі ў адказе вашым адзін падман?»