1 Samuel 7
Eben-Eser, der Stein der Hilfe
І прыйшлі жыхары Кірыят-Ярыму, і забралі Каўчэг ГОСПАДА, і прынесьлі яго на ўзгорак у дом Абінадава, і пасьвяцілі Элеазара, сына ягонага, каб захоўваў Каўчэг ГОСПАДА. 2З таго дня, як застаўся Каўчэг ГОСПАДА ў Кірыят-Ярыме, прайшло шмат дзён, дваццаць гадоў. І ўвесь дом Ізраіля галасіў дзеля ГОСПАДА. 3І сказаў Самуэль усяму дому Ізраіля: «Калі хочаце навярнуцца ўсім сэрцам да ГОСПАДА, выкіньце спасярод сябе ўсіх багоў чужых і Астарту, і прыхіліце сэрцы свае да ГОСПАДА, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук Філістынцаў».
4І павыкідалі сыны Ізраіля Баалаў і Астарту, і служылі толькі ГОСПАДУ. 5І сказаў Самуэль: «Зьбярыце ўвесь Ізраіль у Міцпе, і я памалюся за вас да ГОСПАДА». 6І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень, і казалі там: «Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ». І судзіў Самуэль сыноў Ізраіля ў Міцпе.
7І пачулі Філістынцы пра тое, што сыны Ізраіля сабраліся ў Міцпе, і валадары Філістынцаў пайшлі супраць Ізраільцянаў. І калі даведаліся пра гэта сыны Ізраіля, яны напалохаліся Філістынцаў, 8і прасілі сыны Ізраіля Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць да ГОСПАДА, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук Філістынцаў». 9І ўзяў Самуэль адно ягнятка-сасунка, і склаў усяго яго ГОСПАДУ ў ахвяру цэласпаленьня. І клікаў Самуэль ГОСПАДА ў справе Ізраіля, і выслухаў яго ГОСПАД.
10І калі Самуэль складаў ахвяру цэласпаленьня, Філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраіля. У той дзень загрымеў ГОСПАД грымотамі вялікімі над Філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя Ізраільцянамі. 11І выйшлі Ізраільцяне з Міцпы, і перасьледавалі Філістынцаў, і забівалі іх аж да Бэт-Кару. 12І ўзяў Самуэль адзін камень, і палажыў яго паміж Міцпою і Шэнам, і назваў тое месца Эбэн-Гаэзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам ГОСПАД».
13Так упакораны былі Філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраіля. І была рука ГОСПАДА на Філістынцах у-ва ўсе дні Самуэля. 14І вярнуліся да Ізраіля гарады, забраныя Філістынцамі ад Экрону аж да Гату. Ізраільцяне забралі землі свае з рук Філістынцаў, і запанаваў мір між Ізраілем і Амарэйцамі. 15І судзіў Самуэль Ізраіля ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.
16І штогод ён хадзіў у Бэтэль, Гільгал і Міцпу, і судзіў Ізраіля ў-ва ўсіх гэтых месцах. 17Пасьля вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў Ізраіля. І ён пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.