Psalms 79
The nations have invaded your inheritance
Псальм Асафа. Божа, пагане ўвайшлі ў спадчыну Тваю, апаганілі сьвятыню Тваю сьвятую, Ерусалім ператварылі ў купу друзу. 2Трупы слугаў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы багабойных Тваіх — зьвярам зямным. 3Вылілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму іх хаваць.
4Мы сталіся на ганьбаваньне для суседзяў нашых, на кпіны і насьмешкі для тых, што навокал нас. 5Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці будзеш гневацца заўсёды? Ці як агонь будзе палаць рэўнасьць Твая? 6Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на валадарствы, якія імя Твайго ня клічуць, 7бо зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі.
8Ня ўзгадвай нам беззаконьняў ранейшых; няхай чым хутчэй сустрэне нас літасьць Твая, бо вельмі мы зьнемагліся. 9Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля славы імя Твайго; выратуй нас і даруй грахі нашыя дзеля імя Твайго! 10Навошта казаць паганам: «Дзе Бог іхні?» Няхай на паганах, у нас на вачах, вядомай станецца помста за кроў слугаў Тваіх, што праліта!
11Няхай дойдуць перад аблічча Тваё стогны вязьняў! Паводле вялікасьці рамяна Твайго пакінь [пры жыцьці] сыноў, сказаных на сьмерць. 12І нашым суседзям вярні сямікротна ў грудзі іхнія зьнявагу іхнюю, якой яны, Госпадзе, Цябе зьневажалі! 13А мы, народ Твой і авечкі чарады Тваёй, будзем славіць Цябе вечна і з пакаленьня ў пакаленьне будзем абвяшчаць хвалу Тваю.