Psalms 36
In your light we see light
Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда. 2Правіна бязбожніка засьведчана ў сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі, 3бо ён ашуквае сябе ў вачах сваіх, нібы шукае беззаконьня свайго, каб узьненавідзець яго.
4Словы вуснаў ягоных — злачынства і падступнасьць, ён не захацеў разумець, каб рабіць добрае. 5Ён злачынства надумляе на ложку сваім, ён стаіць на шляху нядобрым і ня грэбуе злом. 6ГОСПАДЗЕ! Да нябёсаў міласэрнасьць Твая, а вернасьць Твая — аж да аблокаў!
7Праведнасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Твае — як вялізнае бяздоньне! Людзей і скаціну Ты збаўляеш, ГОСПАДЗЕ. 8Якая каштоўная, Божа, міласэрнасьць Твая! Сыны чалавечыя ў ценю крылаў Тваіх маюць надзею. 9Яны насычаюцца ад тлустасьці Дому Твайго, і са струмяня асалодаў Тваіх Ты іх поіш, 10бо крыніца жыцьця — у Табе, у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.
11Расьцягні міласэрнасьць Тваю над тымі, што ведаюць Цябе, і праведнасьць Тваю — над [людзьмі] са шчырым сэрцам. 12Няхай не наступіць на мяне нага пыхлівых, і рука бязбожніка няхай ня зрушыць мяне. 13Там упадуць злачынцы, паваляцца і ня здолеюць паўстаць.