Psalms 145
I will praise your name forever
Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна! 2Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна. 3Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная.
4Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць. 5Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць. 6Пра магутнасьць [дзеяньняў] страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць.
7Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй. 8Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны. 9Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя.
10Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе! 11Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць, 12каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага.
13Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях. 14Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падымае ўсіх прыгнечаных. 15Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час.
16Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня. 17Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ў-ва ўсіх справах Сваіх. 18ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе.
19Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх. 20ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць. 21Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабраслаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна.