Psalms 141
Let my prayer rise like incense
Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, клічу Цябе! Пасьпяшайся да мяне! Прыхілі вуха на голас мой, калі клічу да Цябе! 2Няхай будзе малітва мая як кадзіла перад абліччам Тваім, а ўзьніманьне рук маіх — як дар вечаровы! 3Пастаў, ГОСПАДЗЕ, варту вуснам маім, захоўвай дзьверы губаў маіх!
4Ня дай прыхіліцца сэрцу майму да словаў ліхіх, да чыненьня справаў бязбожных з людзьмі злачыннымі, і няхай ня буду я есьці ласункі іхнія. 5Няхай б’е мяне праведнік, [бо гэта] міласэрнасьць; няхай карае мяне, [бо гэта] алей для галавы, які не пашкодзіць галаве маёй; бо малітва мая — супраць ліхоты іхняй. 6Няхай будуць скінутыя ў рукі Скалы судзьдзі іхнія, і пачуюць яны словы мае, бо яны прыемныя.
7Быццам нехта трушчыць і сячэ [дровы] на зямлі, так сыплюцца косткі нашыя ў пашчу пекла. 8Але да Цябе, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, вочы мае; у Табе я маю надзею, не зруйнуй Ты душы маёй. 9Захавай Ты мяне ад пасткі, што яны наставілі на мяне, ад сіла, [што наставілі] злачынцы.
10Няхай патрапяць усе разам бязбожнікі ў сеці свае, а я абміну іх.