Proverbs 28

The righteous are bold as a lion

Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы. 2Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная. 3Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба.

4Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, той паўстае супраць [ліхадзея]. 5Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё. 6Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які крывіць шляхі свае, дарма што багаты.

7Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго. 8Хто памнажае маёмасьць сваю адсоткам і ліхвай, той зьбі­рае яе для таго, хто літуецца над убогім. 9Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота.

10Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае. 11Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго. 12Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца.

13Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці. 14Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду. 15Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — [гэта] бязбожны пан над бедным народам.

16Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае. 17Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго. 18Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх].

19Хто абрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю. 20Чалавек верны мае шмат дабраславенстваў, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не пазьбегне пакараньня. 21Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне.

22Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго. 23Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць. 24Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю.

25Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны. 26Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены. 27Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў.

28Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.

Copied!
Aa