Proverbs 11

Dishonest scales are an abomination

Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму. 2Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць. 3Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.

4Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 5Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю. 6Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.

7Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае. 8Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго. 9Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.

10Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, [горад] сьвяткуе. 11Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. 12Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.

13Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова. 14Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне. 15Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.

16Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце. 17Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё. 18Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.

19Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці. 20Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму. 21Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.

22Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму. 23Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў. 24Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.

25Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе. 26Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае. 27Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.

28Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць. 29Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам. 30Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.

31Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.

Copied!
Aa