Matthew 3

John the Baptist prepares the way

У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай 2і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». 3Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму».

4Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд. 5Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану, 6і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае.

7А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8Учыніце ж плод, годны навяртаньня, 9і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.

10Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. 11Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні. 12Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».

Jesus is baptized in the Jordan

13Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб хрысьціцца ў яго. 14Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» 15А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць». Тады дапускае Яго.

16І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго. 17І вось, голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».

Copied!
Aa