Matthew 13

The parable of the sower

У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў каля мора. 2І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе. 3І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць.

4І калі сеяў, адны [зярняты] ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. 5Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая, 6а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі.

7Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх. 8А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно — сто, адно — шэсьцьдзясят, а адно — трыццаць. 9Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

Why Jesus speaks in parables

10І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?» 11А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена. 12Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.

13Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць. 14І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце. 15Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх” .

16Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. 17Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі.

The parable of the sower explained

18А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта. 19Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе. 20А пасеянае на камяністым месцы — гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго, 21але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца.

22А пасеянае ў цярніне — гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. 23А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і раз­у­мее, той, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы — шэсьцьдзясят, а іншы — трыццаць».

The parable of the weeds

24Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. 25Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў. 26Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль.

27І прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?” 28Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем і зьбярэм яго?” 29А ён прамовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.

30Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой'”».

The parable of the mustard seed

31Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім. 32Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго».

The parable of the leaven

33Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: «Падобнае Валадарства Нябеснае да кісьлі, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».

Jesus speaks only in parables

34Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім, 35каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету».

The parable of the weeds explained

36Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі». 37Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы. 38Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога; 39вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.

40Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага: 41пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне, 42і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў.

43Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

The treasure and the pearl

44Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле. 45Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў, 46які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.

The parable of the net

47Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы. 48Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі. 49Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных, 50і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў».

51Кажа ім Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэтае?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе!» 52Ён жа сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое».

Rejected in his hometown

53І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль. 54І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: «Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц? 55Ці ж Ён ня сын цесьляра? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя — Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда?

56І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?» 57І горшыліся праз Яго. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім». 58І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга.

Copied!
Aa