Genesis 32

Jacob prepares to meet Esau

А Якуб пайшоў дарогаю сваёй. I сустрэлі яго анёлы Божыя. 2I сказаў Якуб, убачыўшы іх: «Гэта табар Божы». I назваў імя месца таго Маханаім. 3I паслаў Якуб пасланцоў перад сабою да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, на поле Эдому.

4I загадаў ім, кажучы: «Гэтак скажаце пану майму Эзаву: “Так кажа слуга твой Якуб. У Лявана я жыў, і заставаўся аж дагэтуль. 5I сталася, што маю вала і асла, і авечку, і слугу, і нявольніцу, і я паслаў сказаць пану майму, каб знайсьці ласку ў вачах тваіх”». 6I вярнуліся пасланцы да Якуба, кажучы: «Мы прыйшлі да брата твайго, да Эзава, і ён таксама ідзе насустрач табе, і чатырыста чалавек з ім».

7I спалохаўся Якуб вельмі, і быў стрывожаны, і падзяліў людзей, якія былі з ім, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары, 8I сказаў: «Калі Эзаў прыйдзе на адзін табар і выб’е яго, табар, які застанецца, уцячэ». 9I сказаў Якуб: «Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, ГОСПАДЗЕ, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю тваю, да родзічаў тваіх, і Я зраблю, каб было добра табе”.

10Я ня варты ўсёй міласэрнасьці і ўсёй праўды, якую Ты ўчыніў для слугі Твайго, бо я з кіем маім перайшоў Ярдан гэты, а цяпер стаю з двума табарамі. 11Выратуй, прашу, мяне з рукі брата майго, з рукі Эзава, бо я баюся яго, каб ён не прыйшоў, і не забіў мяне, і матак разам з сынамі. 12Ты сказаў: “Робячы дабро, буду рабіць дабро табе, і зраблю насеньне тваё як пясок марскі, якога нельга палічыць дзеля мноства [яго]”».

13I начаваў там у тую ноч, і ўзяў з таго, што прыйшло ў рукі яму, дары для Эзава, брата свайго: 14козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце і бараноў дваццаць, 15вярблюдзіцаў дойных з вярблюдзянятамі іхнімі трыццаць, кароў сорак і валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць і асьлянят дзесяць.

16I даў у рукі слугам сваім кожную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Ідзіце перада мною і трымайце адлегласьць паміж чарадой і чарадой». 17I загадаў першаму, кажучы: «Калі сустрэне цябе Эзаў, брат мой, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты і куды ідзеш? І чыё гэта перад абліччам тваім?", 18ты скажаш: “Слугі твайго Якуба. Гэты дар пасланы пану майму Эзаву І вось, таксама ён [ідзе] за намі”».

19І загадаў тое самае другому, і трэцяму, і ўсім, якія ішлі за чародамі, кажучы: «Паводле словаў гэтых кажыце Эзаву, калі знойдзеце яго, 20і скажаце таксама: “Вось, слуга твой Якуб [ідзе] за намі”». Бо ён казаў: «Умалю аблічча ягонае дарам, які ідзе перада мною, і потым убачу аблічча ягонае. Можа, ён узьніме аблічча маё». 21I перайшоў [ручай] дар перад ім, а ён начаваў у тую ноч у табары.

Wrestling until daybreak

22I ўстаў ён у тую ноч, і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Ябок. 23I ўзяў іх, і перавёў іх праз ручай, і перавёў, што было ў яго. 24I застаўся Якуб сам адзін. І дужаўся з ім Муж да ўзыходу зараніцы.

25I Той убачыў, што не пераможа яго, і дакрануўся да сустава сьцягна ягонага, і пашкодзіў сустаў сьцягна Якуба, калі дужаўся з ім, 26і сказаў: «Пусьці Мяне, бо ўзыйшла зараніца». I сказаў [Якуб]: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне». 27I Ён сказаў яму: «Якое імя тваё?» А ён сказаў: «Якуб».

28I сказаў: «Не Якуб будуць называць ужо імя тваё, але Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам і з людзьмі, і перамог». 29I спытаўся Якуб, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Тваё». I Ён сказаў: «Навошта ты пытаешся імя Маё?» I дабраславіў яго там. 30I назваў Якуб імя таго месца: Пэніэль, бо [казаў]: «Я бачыў Бога абліччам да аблічча, і захаваная душа мая».

31I ўзыйшло сонца, калі ён праходзіў Пэніэль, і ён накульгваў на сьцягно сваё. 32Дзеля гэтага не ядуць сыны Ізраіля жылы цягліцы, якая на суставе сьцягна, аж да сёньня, бо Ён дакрануўся да суставу сьцягна Якуба, да жылы цягліцы.

Copied!
Aa