Exodus 15

The song of Moses and Miriam

Тады засьпяваў Майсей і сыны Ізраіля гэты сьпеў ГОСПАДУ, і сказалі, кажучы: «Засьпяваю ГОСПАДУ, бо, узьвялічваючыся, узьвялічыўлся Ён; каня і вершніка ягонага ўкінуў у мора. 2Сіла мая і песьня — ГОСПАД, і Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Ён — Бог мой, і я ўслаўляю Яго, [Ён —] Бог бацькі майго, і я вывышаю Яго. 3ГОСПАД — Муж вайны, ГОСПАД — імя Ягонае.

4Калясьніцы фараона і войска ягонае Ён укінуў у мора, і выборныя ваяры ягоныя патанулі ў моры Чырвоным. 5Бездані пакрылі іх, яны пайшлі ў глыбіні, як камень. 6Правіца Твая, ГОСПАДЗЕ, праславілася моцаю; правіца Твая, ГОСПАДЗЕ, скрышыла ворага.

7I ў велічы маестату Твайго Ты зруйнаваў тых, што паўсталі супраць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён спаліў іх, як салому. 8I ад подыху гневу Твайго сабраліся воды, сталіся як копы струмяні, сьселіся бездані ў сэрцы мора. 9Вораг сказаў: “Буду гнацца, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, выхаплю меч мой, схопіць іх рука мая”.

10Ты павеяў духам Тваім, і пакрыла іх мора. Яны патанулі, як волава, у водах магутных. 11Хто, як Ты, ГОСПАДЗЕ, між багамі? Хто, як Ты, праслаўлены ў сьвятасьці, страшны ў хвале, Той, Які робіць цуды? 12Ты выцягнуў правіцу Тваю, праглынула іх зямля.

13Ты вёў у міласэрнасьці Тваёй народ, які Ты адкупіў, прывёў сілаю Тваёю ў жытло сьвятасьці Тваёй. 14Пачулі народы, задрыжалі; болі ахапілі жыхароў Філістынскіх. 15Тады спалохаліся князі Эдому, моцных Мааву ахапіла дрыжаньне, млеюць усе жыхары Ханаану.

16Няхай ахопіць іх жах і баязьлівасьць. Ад вялікасьці рамяна Твайго замоўкнуць яны як камень, аж пакуль пройдзе народ Твой, ГОСПАДЗЕ, пакуль пройдзе народ гэты, які Ты набыў [для Сябе]. 17Ты завядзеш іх і пасадзіш іх на гары спадчыны Тваёй, на месцы, якое Ты, ГОСПАДЗЕ, учыніў на жытло, сьвятыню, Госпадзе, якую ўгрунтавалі рукі Твае. 18ГОСПАД будзе валадарыць на вякі вечныя.

19Бо ўвайшоў конь фараона з калясьніцамі ягонымі і з вершнікамі ягонымі ў мора, і абрынуў ГОСПАД на іх воды мора, а сыны Ізраіля прайшлі па сухому па сярэдзіне мора». 20I ўзяла Мірыям прарочыца, сястра Аарона, бубен у руку сваю, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і танцамі. 21I адказала ім Мірыям: «Сьпявайце ГОСПАДУ, бо ўзьвялічваючыся, узьвялічыўся Ён; каня і вершніка ягонага ўкінуў у мора».

The bitter waters made sweet

22I павёў Майсей Ізраіль ад мора Чырвонага, і яны ўвайшлі ў пустыню Шур; і ішлі яны тры дні па пустыні, і не знайшлі вады. 23I прыйшлі ў Мару, і не маглі піць ваду ў Мары, бо яна была горкая; таму назвалі яе Мара. 24I наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»

25I клікаў [Майсей] да ГОСПАДА, і паказаў яму ГОСПАД дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і стала салодкая вада. Там Ён даў яму пастановы і суд, і там выспрабаваў яго, 26і сказаў: «Калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і робячы, будзеш рабіць тое, што правільнае ў вачах Ягоных, і прыхіліш вуха да прыказаньняў Ягоных, і будзеш захоўваць усе пастановы Ягоныя, ніводнае з немачаў, якія Я навёў на Эгіпет, не навяду на цябе, бо Я — ГОСПАД, Лекар твой». 27I прыйшлі яны ў Элім. Там было дванаццаць крыніцаў вады і семдзясят пальмаў; і сталі там табарам каля водаў.

Copied!
Aa