2 Kings 14
Amaziah reigns in Judah
У другім годзе Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, Амазія, сын Ёаша, стаў валадаром Юды. 2Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму. 3І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як Давід, бацька ягоны, і рабіў ён усё так, як Ёаш, бацька ягоны.
4Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках. 5І калі ўмацаваў ён валадараньне сваё ў руцэ сваёй, ён забіў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага. 6Але сыноў іхніх не забіваў паводле таго, што напісана ў Кнізе Закону Майсея, як загадаў ГОСПАД, кажучы: «Бацькі ня будуць забіваныя за сыноў, а сыны ня будуць забіваныя за бацькоў, але кожны за грэх свой сьмерцю памрэ».
7Ён пабіў дзесяць тысячаў Эдомцаў у Саляной Даліне і захапіў Сэлю ў бітве, і назваў імя яе Ёктээль, і так ёсьць да сёньня.
The thistle and the cedar
8Тады паслаў Амазія пасланцоў да Егааша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Прыйдзі і пабачым абліччы [адзін аднаго]!» 9І паслаў Егааш, валадар Ізраіля, Амазіі, валадару Юды, кажучы: «Цярніна на Лібане паслала да кедра на Лібане, кажучы: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. Але прыйшлі зьвяры палявыя, якія на Лібане, і вытапталі цярніну. 10Ты пабіў Эдома, і сэрца тваё ўзганарылася. Будзь сабе слаўны, але заставайся ў доме тваім! Навошта ты выклікаеш ліха, каб упаў ты і Юда з табою?»
11Але Амазія не паслухаў. І выйшаў Егааш, валадар Ізраіля, і ён і Амазія, валадар Юды, пабачылі абліччы [адзін аднаго] ў Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе. 12І Юда быў пабіты Ізраілем, і ўцёк кожны ў намёт свой. 13І Егааш, валадар Ізраіля, схапіў Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Ахазіі, у Бэт-Шэмэшы, і завёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў 14і забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара, і [ўзяў] закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
Jeroboam II succeeds Jehoash
15А іншыя дзеяньні Егааша, і мужнасьць ягоная, з якою ваяваў ён супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 16І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі з валадарамі Ізраіля. І стаў валадаром пасьля яго Ерабаам, сын ягоны.
The death of Amaziah
17А Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасьля сьмерці Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля. 18А іншыя дзеяньні Амазіі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 19І зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і там забілі яго.
20І прывезьлі яго коньмі, і быў ён пахаваны ў Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.
Azariah becomes king
21А ўвесь народ Юды ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго валадаром на месца Амазіі, бацькі ягонага. 22Ён адбудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе пасьля таго, як супачыў валадар [Амазія] з бацькамі сваімі.
Jeroboam II reigns in Israel
23У пятнаццатым годзе Амазіі, сына Ёаша, валадара Юды, Ерабаам, сын Егааша, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сорак адзін год. 24І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля. 25Ён вярнуў межы Ізраіля ад уваходу ў Хамат і аж да мора Арабы паводле слова ГОСПАДА, Бога Ізраіля, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ёну, сына Амітая, прарока, які быў з Гат-Гахэфэру.
26Бо бачыў ГОСПАД горкую нядолю Ізраіля, бо не было ані нявольніка, ані вольнага, хто б дапамог Ізраілю. 27І не прамовіў ГОСПАД, каб выкараніць імя Ізраіля з-пад неба, і выратаваў яго рукою Ерабаама, сына Егааша. 28А іншыя дзеяньні Ерабаама, і мужнасьць ягоная, з якой ён ваяваў і з якою вярнуў Ізраілю Дамаск і Хамат Юдэйскі, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
29І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, валадарамі Ізраіля, і стаў валадаром пасьля яго Захарыя, сын ягоны.