Provérbios 14

A mulher sábia edifica a sua casa

Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі. 2Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто крывіць шляхі свае, той грэбуе Ім. 3У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх.

4Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала. 5Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай. 6Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага.

7Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных. 8Мудрасьць разумнага — у разуменьні шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — у ашуканстве. 9Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць.

10Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец. 11Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе. 12Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.

13І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак. 14Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі. 15Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае.

16Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены. 17Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны. 18Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем.

19Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў. 20Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага. 21Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы.

22Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае. 23З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача. 24Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе.

25Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай. 26У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам. 27Страх перад ГОСПАДАМ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.

28У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя. 29У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць. 30Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам.

31Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным. 32Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею. 33У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая.

34Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў. 35Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.

Copiado!
Aa