Provérbios 26
O tolo e o preguiçoso
Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава. 2Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца. 3Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.
4Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго. 5Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх. 6Падцінае сабе ногі і п’е шкоду сваю той, хто праз рукі дурня слова пасылае.
7Няроўныя ногі кульгавага, таксама прыказка ў вуснах дурня. 8Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню. 9Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.
10Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае. 11Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю. 12Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.
13Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!» 14Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім. 15Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.
16Гультай мудрэйшы ў вачах сваіх за сямёх, што адказваюць з разуменьнем. 17Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку. 18Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць, 19так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».
20Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае. 21Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі. 22Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.
23Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца. 24Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства. 25Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.
26[Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою. 27Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца. 28Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.