Provérbios 25

Provérbios copiados pelos homens de Ezequias

Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды. 2Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу. 3Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя.

4Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне. 5Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю. 6Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой, 7бо лепш, калі скажуць табе: «Узьніміся вышэй», чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае.

8Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой. 9Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага, 10каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая.

11Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы. 12Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха. 13Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго.

14Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым. 15Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку. 16[Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў.

17Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе. 18Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго. 19Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства.

20Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу. 21Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою, 22бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе.

23Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка [прыносіць] гнеў на тварах. 24Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. 25Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю.

26Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам. 27Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава. 28Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.

Copiado!
Aa