Jó 12

A sabedoria pertence a Deus

І адказаў Ёў, і сказаў: 2«Сапраўды, вы — толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасьць вашая. 3І я маю розум, як вы, і нічым я ад вас ня горшы. І хто ня ведае пра гэта?

4Насьмешкай я стаўся для сяброў маіх, што я клічу Бога, каб Ён выслухаў мяне. Сьмешная праведнасьць нявіннага [чалавека]. 5Пагарджаюць няшчасьцем тыя, што жывуць у супакоі, яны гатовыя папхнуць таго, у каго ногі хістаюцца. 6Спакойныя намёты рабаўнікоў, і бясьпечныя тыя, што гнявяць Бога, іх быццам Бог вядзе за руку.

7Запытайся жывёлу, і тая навучыць цябе, і птушак нябесных, і яны скажуць табе. 8Запытайся зямлі, і яна патлумачыць табе, і раскажуць табе рыбы марскія. 9Хто з іх усіх ня ведае, што рука ГОСПАДА ўчыніла ўсё гэта?

10У руцэ Ягонай душа ўсяго жывога, і дух усякага цела чалавечага Ён трымае. 11Ці ж ня вуха разумее словы, і ці ж не паднябеньне пазнае смак ежы? 12Старыя маюць мудрасьць, а хто жыве доўга — разуменьне.

13У [Бога] — мудрасьць і сіла, Ён мае раду і разуменьне. 14Вось, Ён зруйнуе, і ніхто не адбудуе, Ён увязьніць чалавека, і нельга вызваліць. 15Вось, Ён спыняе воды, і яны высыхаюць, а калі Ён пусьціць іх, яны зямлю спустошаць.

16У Яго — моц і цьвярозы розум, Ён [ведае] падманутага і ашуканца. 17Ён робіць босымі дарадцаў і ў судзьдзяў адбірае разум. 18Ён разьвязвае ярмо валадароў і вяроўкай абвязвае сьцёгны іхнія.

19Ён робіць босымі сьвятароў і магнатаў скідае. 20Ён закрывае вусны верных і старых пазбаўляе раз­важ­лі­васьці. 21Ён вылівае пагарду на шляхетных, аслабляе пояс адважных.

22Ён выяўляе тое, што схаванае ў цемры, і ўсё цёмнае асьвятляе. 23Ён народ узьвялічвае і нішчыць, пашырае народы і губіць. 24Ён забірае розум у начальнікаў народаў зямлі, і дае ім блукаць па пустых бездарожжах.

25Яны ходзяць навобмацак у цемры, і сьвятла ня маюць, і хістаюцца яны, як п’яныя.

Copiado!
Aa