Salmos 83
Não te cales, ó Deus
Сьпеў. Псальм Асафа. 2Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа! 3Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву.
4Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш. 5Яны сказалі: «Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей». 6Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет 7намёты Эдому і Ізмаэльцы, Мааў і Агаране, 8Геваль і Амон, і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру.
9І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лота. (Сэлях) 10Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну каля ручая Кішон, 11якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі.
12Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам, 13якія казалі: «Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!» 14Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам!
15Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы, 16гэтак Ты перасьледуй іх бурай Тваёю і віхурай Тваёй напалохай! 17Напоўні сорамам абліччы іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ.
18Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць, 19і даведаюцца, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.