Salmos 35

Contende com os que contendem comigo

Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною. 2Вазьмі шчыт і панцыр і паўстань на ўспамогу мне. 3Схапі дзіду і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: «Я — збаўленьне тваё».

4Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне. 5Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДА няхай гоніць іх. 6Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДА няхай перасьледуе іх.

7Бо яны без прычыны таемна [наставілі] на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй. 8Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна [наставіў], зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён. 9А душа мая будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім.

10Усе косткі мае скажуць: «ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае?» 11Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне, 12плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.

13А я падчас нядужасьці іхняй апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае. 14Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я [да яго]; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку. 15Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць [мяне], і я ня ведаў [гэтага], зьневажалі [мяне] і не маўчалі.

16Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі. 17Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, [вызваль] ад ільвянятаў адзіную маю. 18Буду славіць Цябе ў царкве вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе.

19Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны. 20Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць. 21Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: «Ага, ага! Бачыла вока нашае!»

22Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне! 23Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб [весьці] справу маю! 24Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, [гледзячы] на мяне, 25няхай ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Душа наша [гэтага хацела]!» Няхай яны ня скажуць: «Мы праглынулі яго!»

26Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною. 27Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!» 28А язык мой будзе выказ­ваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень.

Copiado!
Aa