João 11

A morte de Lázaro

Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай. 2А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі. 3Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы».

4Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе». 5А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара. 6Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.

7Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю». 8Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?» 9Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету, 10а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім».

11Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго». 12Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы». 13Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак.

14Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр; 15і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго». 16Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».

Jesus com Marta e Maria

17Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. 18Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, каля пятнаццаці стадыяў. 19І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім.

20Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме. 21Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. 22Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог».

23Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой». 24Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень». 25Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.

26І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?» 27Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет». 28І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».

29Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго. 30Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта. 31Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там.

32Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». 33Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся, 34і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі».

35Ісус заплакаў. 36Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго». 37А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

Jesus ressuscita Lázaro

38Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. 39Кажа Ісус: «Падыміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень». 40Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?»

41Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 42Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне». 43І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!»

44І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».

O conselho decide matar Jesus

45Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго. 46А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус. 47Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў.

48Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ». 49Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце, 50і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў».

51Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ, 52і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у адно. 53Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго.

54Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. 55Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца. 56Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?»

57А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.

Copiado!
Aa