Jó 9

Como pode o homem ser justo diante de Deus

І адказаў Ёў, і сказаў: 2«Сапраўды, ведаю, што так ёсьць, але як апраўдаецца чалавек перад Богам? 3Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму нават на адно пытаньне з тысячы.

4Ён — мудры розумам і магутны сілаю. Хто супрацівіцца Яму і застанецца цэлым? 5Ён пераносіць горы, і ня ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у гневе Сваім. 6Ён зрушвае зямлю з месца ейнага, і падваліны яе трасуцца.

7Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і на зоркі накладае пячатку. 8Ён Сам расьцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх. 9Ён стварыў Воз, Касцоў, Стажар’е і зоркі паўднёвая.

10Ён творыць вялікія і недасьледныя рэчы і цуды, якіх ніхто палічыць ня можа. 11Калі Ён прыйдзе да мяне, я ня ўбачу Яго, а калі Ён адыйдзе, не заўважу. 12Калі Ён раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Або хто зможа сказаць: “Што Ты робіш?” 13Бог ня стрымлівае гневу Свайго, перад ім схіляюцца служкі Рагава.

14Дык хто я такі, каб адказ­ваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі? 15Хоць бы я быў праведны, ня буду адказваць, буду толькі маліць Судзьдзю свайго. 16Калі буду клікаць, і Ён адкажа, не паверу, што Ён выслухаў голас мой.

17Ён можа зьнішчыць ураганам мяне, і павялічыць раны мае без прычыны. 18Ён ня дасьць супакою душы маёй, і напоўніць мяне бядотамі. 19Што да сілы, дык Ён мацнейшы, што да суду, дык хто зможа Яго вінаваціць?

20Калі б я хацеў сябе апраўдаць, вусны мае асудзяць мяне. І калі б я выявіўся нявінным, Ён прызнае мяне вінаватым. 21Калі б я быў невінаваты, гэтага ня хоча ведаць душа мая, і я асуджу жыцьцё сваё. 22Усё адно, кажу я, і невінаватага, і грэшнага Ён зьнішчыць разам.

23Калі раптоўна некага біч [сьмерці] забівае, з бяды нявінных Ён насьміхаецца. 24Зямля аддадзена ў рукі бязбожных, аблічча судзьдзяў яе Ён закрывае. Калі ня Ён гэта, дык хто? 25Дні мае хутчэйшыя за бегуна, уцяклі і ня бачылі дабра, 26праляцелі, як чаўны з чароту, і як арол, які імкне за здабычай.

27Калі я скажу: “Забудуся пра смутак свой, зьмяню аблічча сваё і стану я вясёлы” 28дык дрыжу дзеля ўсіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне. 29Калі я такі грэшны, навошта дарма мучуся?

30Калі б я памыўся ў вадзе са сьнегу і лугам абмыў рукі свае, 31і тады Ты ўвапхнеш мяне ў балота, і будзе брыдзіцца мною адзеньне маё. 32Бо Ён — не чалавек, падобны да мяне, каб я мог адказаць Яму. Ён — не чалавек, з якім мне разам ісьці на суд.

33Няма між намі пасярэдніка, які паклаў бы руку на абодвух. 34Няхай Ён забярэ ад мяне біч Свой, і страх Ягоны няхай не палохае мяне. 35І тады я буду гаварыць, і ня буду баяцца Яго, бо так я ня маю адвагі.

Copiado!
Aa