Jó 3

Jó amaldiçoa o dia do seu nascimento

Пасьля гэтага Ёў расчыніў вусны свае і наракаў на дзень свой. 2І адказаў Ёў, і сказаў: 3«Няхай прападзе дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”.

4Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупіцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом. 5Няхай зацемняць яго цемра і цень сьмерці, няхай схавае яго змрок, і няхай напоўніцца ён хмарамі. 6Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлічана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў.

7Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае. 8Няхай праклінаюць яе тыя, што дзень праклінаюць, што гатовыя абудзіць Левіятана. 9Няхай сьцямнеюць зоркі сьвітаньня ейнага, каб чакала сьвятла і не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня, 10бо яна не зачыніла ўлоньня, якое нарадзіла мяне, і не ўхіліла гора з вачэй маіх.

11Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам? 12Навошта я быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі? 13І цяпер спаў бы я моўчкі, і адпачываў бы ў-ва сьне сваім 14з валадарамі і радцамі зямлі, якія пабудавалі сабе дамы магілы, 15і з князямі, якія багатыя золатам і якія срэбрам вылажылі дамы свае.

16І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла. 17Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць. 18Там усе вязьні жывуць бяз страху і ня чуюць крыку вартаўніка.

19Там разам малы і вялікі, і слуга вольны ад пана свайго. 20Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы, 21якія чакаюць сьмерці і не дачакаюцца, і шукаюць яе больш, чым скарб, 22і вельмі радуюцца і цешацца, калі знойдуць.

23Якая радасьць чалавеку, перад якім шлях закрыты і якога Бог атачае цемраю? 24Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада. 25Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне.

26Не супакойваўся я, не маўчаў і не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце».

Copiado!
Aa