Proverbios 19

Mejor pobre y honrado

Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым крывадушны вуснамі сваімі, і да таго ж дурны. 2Таксама нядобра душы бяз ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі [сваімі], саграшыць. 3Неразумнасьць чалавека крывіць шлях ягоны, але сэрца ягонае гневаецца на ГОСПАДА.

4Маёмасьць дадае шматлікіх сяброў, а ўбогага пакідае бліжні ягоны. 5Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, не ўратуецца. 6Шмат хто паніжаецца перад магнатам, і кожны сябруе з чалавекам, які [дае] падарункі.

7Усе браты беднага ненавідзяць яго, тым больш сябры ягоныя аддаляюцца ад яго; той бяжыць, каб паразмаўляць, але іх няма. 8Хто набывае розум, той любіць душу сваю, хто шукае разважлівасьці — знаходзіць дабро. 9Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, загіне.

10Не пасуе дурню раскоша, тым больш слузе мець уладу над князямі. 11Розум чалавека стрымлівае гнеў ягоны, і слава яго — у прабачэньні правінаў. 12Гнеў валадара — як рыканьне ільва, а зычлівасьць ягоная — як раса на траве.

13Неразумны сын — загуба для бацькі, а сварлівая жонка — як няспыннае капаньне [праз дах]. 14Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, але разумная жонка — ад ГОСПАДА. 15Лянота кідае ў сон, і нядбайная душа будзе цярпець голад.

16Хто захоўвае прыказаньні — захоўвае душу сваю, хто не шануе шлях Яго — памрэ. 17Хто літуецца над убогім, той пазычае ГОСПАДУ, за дабрадзейства Ён аднагародзіць яму. 18Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і няхай не спрычыніцца да загубы яго душа твая.

19Зласьлівы няхай атрымае пакараньне, бо калі пашкадуеш яго, яшчэ больш павялічыш [кару]. 20Слухай парады і прыймай настаўленьне, каб стаўся ты мудрым пры канцы [дзён]. 21Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер ГОСПАДА.

22Пажаданая для чалавека міласэрнасьць ягоная, і бедны лепшы за чалавека хлусьлівага. 23Страх перад ГОСПАДАМ [вядзе] да жыцьця, і такі [чалавек] будзе жыць, і насыціцца, і зло не наведае яго. 24Гультай хавае руку сваю ў місе, але нават да вуснаў сваіх не падымае яе.

25Бі насьмешніка, і неразумны паразумнее, дакарай разумнага, і ён здабудзе веданьне. 26Руйнуе бацьку, выганяе маці сын, які прыносіць сорам і ганьбу. 27Перастань, сыне мой, слухаць настаўленьні, якія адводзяць ад словаў веданьня.

28Сьведка нягодны насьміхаецца над судом, і вусны бязбожнікаў глытаюць злачынства. 29Падрыхтаваныя прысуды для насьмешнікаў, а хвастаньне — на плечы дурняў.

¡Copiado!
Aa